Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры сталіцы Максіма Танка


Міхась Скобла 17 верасьня споўнілася б 95 гадоў народнаму паэту Беларусі Максіму Танку. У школу ён пайшоў у Маскве, як паэт упершыню заявіў пра сябе ў Вільні, а памёр ганаровым грамадзянінам Менску. Чым былі ў жыцьці паэта гэтыя тры сталіцы?

У 1930-я гады мінулага стагодзьдзя Вільня ўяўляла з сябе літаратурны Бабілён – у горадзе адначасова выходзілі беларускія, польскія, літоўскія, расейскія, габрэйскія пэрыёдыкі. Удзельнікі віленскага літаратурнага працэсу, як і будаўнікі Бабілёнскай вежы, не заўсёды маглі паміж сабой паразумецца, але перакладалі адзін другога, ладзілі супольныя паэтычныя вечарыны. Максім Танк у той час шмат перакладаў з польскіх паэтаў, з многімі зь іх сябраваў (з Уладзіславам Бранеўскім, зь Ежы Путрамантам).

Праз польскую паэзію была магчымасьць рэтрансьляваць дасягненьні заходнеэўрапейскай паэзіі ў Беларусь, і Танк пасьпяхова справіўся з гэтай няпростай задачай. Многія яго вершы ўзьніклі з прыслухоўваньня да Захаду, хоць паэт часьцей быў вымушаны глядзець на Ўсход.

Чытаем у танкаўскіх дзёньніках: “У польскім часопісе “Вымяры” чытаў рэцэнзіі на творы італьянца Габрыэле д’Анунцыя й выдатнага гішпанскага лірыка Рубэна Дарыа. А я, барбар, нічога зь іх не чытаў!” Можна з пэўнасьцю сказаць, што ў тагачасным Менску гэтых паэтаў ня толькі не чыталі, але й ня чулі пра іх. (А як маглі чуць, калі, прыкладам, Габрыэле д’Анунцыя лічыўся афіцыйным песьняром рэжыму Мусаліні?)

"Паэтамі не становяцца, паэтамі нараджаюцца"

Празь лёс Максіма Танка прайшла й яшчэ адна сталіца. У 1914 годзе сям’я будучага паэта была змушаная выехаць у эвакуацыю й пэўны час жыла ў Маскве. Там Яўген Скурко пайшоў у школу, там прачытаў свае першыя кнігі. А родная Пількаўшчына ў 1921 годзе апынулася за мяжой – паводле ўмоваў Рыскага замірэньня адышла да Польшчы. Ці зьдзейсьніўся б паэт Максім Танк, застанься ён жыць у Расеі? Гаворыць крытык Анатоль Сідарэвіч:

“Уявім сабе, што, жывучы ў Маскве, ён сыходзіцца з гуртком беларускіх студэнтаў на чале з будучым акадэмікам Гаўрылам Гарэцкім, знаёміцца з супрацоўнікам Беларускага прадстаўніцтва ў Маскве Ўладзімерам Дубоўкам. Там тады працаваў і славуты бальшавік Алесь Адамовіч, жыў Алесь Бурбіс... Уявім сабе, што ён сыходзіцца з гэтымі людзьмі. Ну, можа, голас крыві адгукнуўся б у ім. Паэтамі не становяцца, паэтамі нараджаюцца. Талент даецца ад Бога, ад прыроды і пры пэўных сацыяльна-палітычных абставінах абуджаецца”.

"У Менску Максім Танк пражыў найдаўжэй – больш за паўстагодзьдзя"

У Менску Максім Танк пражыў найдаўжэй – больш за паўстагодзьдзя. Прычым працавітым і вечна натхнёным заставаўся да канца сваіх дзён. Нават у васьмідзесяцігадовым узросьце пісаў па тры вершы ў дзень. І так гадамі, прычым у любых умовах – ці то плывучы на адным караблі з М. Хрушчовым у ЗША, ці то седзячы ў шматлюдных прэзыдыюмах, ці то даглядаючы хворую жонку, якая апошнія гады правяла ў інвалідным вазку.

Працуючы адразу пасьля вайны галоўным рэдактарам часопісу “Полымя”, займаючы пазьней высокія пасады старшыні Праўленьня Саюзу пісьменьнікаў і Старшыні Вярхоўнага Савету, Максім Танк, тым ня менш, меў уплывовых незычліўцаў ва ўладзе. Працягвае Анатоль Сідарэвіч:

“Тут найперш трэба згадаць Івана Клімава – былога камісара Віленскага краю, які камісарыў там ад 17 верасьня 1939 году да таго часу, пакуль Вільню й Віленскі край не аддалі Літве. Памятаеце, Молатаў сказаў: “Мы знаем, что Вильно – не литовский город»... Клімаў у Вільні «папрацаваў» шчыра, арыштаваўшы пляяду віленскіх інтэлігентаў – Антона Луцкевіча, Францішка Грышкевіча... Зь ягонага блаславеньня была высланая ў Казахстан Натальля Арсеньнева, якая працавала ў «Вялейскай праўдзе» разам з Танкам. Але расправіцца з Танкам тады Клімаву не ўдалося.

А пасьля настала вайна. Пасьля вайны родзічы Танка ня вельмі ахвотна ішлі ў калгас і нават супраціўляліся калектывізацыі. Ня варта забываць, што Максім Танк быў з даволі заможнай сялянскай сям''і, у іх было недзе 60 гэктараў. А паводле бальшавіцкай сацыялёгіі, гэта ўжо «кулакі». Але й тады Іван Клімаў, хоць і быў на высокай пасадзе, ня мог дабрацца да Танка. Бо Танк, па-першае, прайшоў вайну, а па-другое, быў ужо ляўрэатам Сталінскай прэміі. А арышт «свайго» ляўрэата павінен быў дазволіць сам таварыш Сталін. І вось тады Клімаў гаварыў, ківаючы пальцам на Танка: «Эх, не дабраўся я да гэтага цыбатага!»

Памёр Максім Танк 7 жніўня 1995 году. Паводле тастаманту пахаваны на радзіме, на могілках пры вёсцы Навікі на Мядзельшчыне. У Менску імем паэта названыя вуліца й Пэдагагічны ўнівэрсытэт. У выдавецтве “Беларуская навука”, пачынаючы з 2006 году, выдаецца Збор твораў паэта ў трынаццаці тамах, ужо прыйшлі да чытача першыя чатыры тамы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG