Як падае БелаПАН, згодна з дакумэнтам, у дзесяцідзённы тэрмін прадугледжана бязвыплатна перадаць ва ўпраўленьне Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці 111.385.185 акцый ААТ "Менскі гадзіньнікавы завод" намінальным коштам 30 рублёў на агульную суму 3.341.555.550 рублёў. Цяпер акцыі прадпрыемства знаходзяцца ва ўпраўленьні камунальнай уласнасьці Менску.
Да 2020 года кампаніі “Franck Muller” павінна быць прададзена 655.423.462 акцыі ААТ, што належаць дзяржаве, па намінальным кошце 30 рублёў за акцыю пры ўмове ўкладаньня кампаніяй у 2010 годзе інвэстыцый. Яны будуць укладзены шляхам набыцьця дадатковых 1.217.215.000 акцый.
Акрамя таго, у давернае кіраваньне “Franck Muller” тэрмінам на пяць гадоў перадаюцца 1.122.831. 985 акцый завода, што належаць дзяржаве.
Як растлумачылі на прадпрыемстве, на першым этапе швэйцарская кампанія набывае 52% акцый, пазьней — яшчэ 28%.
З 2011 года заводу без правядзеньня аўкцыёну будзе перададзены ў арэнду зямельны ўчастак сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву "Шчомысьліца" (Менскі раён) агульнай плошчай 30 га для будаўніцтва новых вытворчых магутнасьцяў і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры.
Савету міністраў даручана ў трохмесячны тэрмін заключыць інвэстыцыйную дамову з кампаніяй “Franck Muller” аб рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту з заплянаваным аб'ёмам інвэстыцый.Згодна з гэтым дагаворам прадпрыемства павінна захаваць вытворчасьць гадзіньнікаў і гандлёвую марку "Луч". Акрамя таго, у 2010—2019 гадах на прадпрыемстве павінна працаваць не менш як 700 чалавек.
Пляны стварэньня на базе гадзіньнікавага заводу беларуска-швэйцарскага СП абмяркоўваліся ў кастрычніку 2009 году падчас візыту ў Менск гендырэктара “Franck Muller” Вартана Сірмакеса. На сустрэчы з А.Лукашэнкам ён заявіў пра намер стварыць у Беларусі "абсалютна новую", сучасную гадзіньнікавую вытворчасьць, арыентаваную на продаж недарагіх гадзіньнікаў у СНД і на іншых рынках. Пры гэтым швэйцарскі інвэстар паабяцаў давесьці зарплату на заводзе да ўзроўню сярэдняй па Менску, павялічыўшы яе ўдвая.
Менскі гадзіньнікавы завод быў створаны ў 1953 годзе. Выпускае гадзіньнікі гандлёвай маркі "Луч". Кампанія “Franck Muller” заснавана ў 1992 годзе. Займаецца вытворчасьцю складаных мэханічных гадзіньнікаў.