З ПРАЯСЬНЕНЬНЯМІ... МАРОЗНА...
Ад васьмі да пятнаццаці марозу.
НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:
Прэзэнтацыя праекту “Сваё кола”, падрыхтаванага студэнтамі-выпускнікамі катэдры мэнэджмэнту сацыяльна-культурнай дзейнасьці Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў (канцэртная заля “Мінск”, 19.00).
ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:
Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны абвесьціць папярэднія вынікі галасаваньня на выбарах украінскага прэзыдэнта.
У Абу Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) пачынаецца Міжнародны энэргетычны форум.
У Італіі пачынаецца працэс аб скажэньні фінансавай справаздачнасьці мэдыйнай групы “Mediaset”, якая належыць італьянскаму прэм’ер-міністру Сыльвіё Бэрлюсконі.
У Мэльбурне стартуе тэнісны турнір сэрыі “Вялікага шлема” “Australian Open”.
ЁСЬЦЬ НАГОДА:
Дзень Марціна Лютэра Кінга – змагара за грамадзянскія правы чарнаскурых амэрыканцаў.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
У Беларусі традыцыйна ладзілася трэцяя куцьця – посная, або галодная вячэра. Лічылася, што той, хто ў гэты дзень посьціць, у новым годзе ня зьесьць нічога кепскага.
У 1892 годзе нарадзіўся Ёсіф Лангбард – самы значны беларускі архітэктар пэрыяду БССР. Паводле ягоных праектаў створаны галоўныя помнікі канструктывізму ў Менску, якія сталі візытоўкамі беларускай сталіцы: опэрны тэатар, Дом ураду, Акадэмія навук і Дом афіцэраў.
У 1900 годзе нарадзіўся філёляг Віктар Баркоўскі. Ён зьявіўся на сьвет у Менску, скончыў Петраградзкі ўнівэрсытэт, а найбольшае прызнаньне атрымаў у Нямеччыне. Баркоўскі дасьледаваў гістарычную граматыку і дыялекты, а таксама гісторыю беларускага мовазнаўства. Быў рэдактарам знакамітай манаграфіі Яўхіма Карскага “Беларусы”.
У 1984 годзе памёр Панцеляймон Панамарэнка – кіраўнік савецкай Беларусі. Нарадзіўся ён у Краснадарскім краі і з 1938 да 1947 году быў першым сакратаром кампартыі Беларусі. Сталінскія рэпрэсіі, вайна з фашызмам, паваеннае аднаўленьне – усе найважнейшыя этапы сваёй гісторыі ў XX стагодзьдзі краіна праходзіла пад кіраўніцтвам гэтага чалавека.
У 1989 годзе Савет Міністраў БССР прыняў пастанову пра ўзьвядзеньне ў Курапатах помніка ахвярам масавых расстрэлаў 1930-1940-х гадоў. Мінуў 21 год, але пастанова ня выкананая і застаецца на паперы да сёньняшняга дня.
МІНУС 365:
Год таму на сайце “Свабоды”: “Акудовіч: “Мару пра адзіную Беларусь”.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
“Той, хто прымае зло, не супраціўляючыся, робіцца яго памагатым”, – Марцін Лютэр Кінг.