Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй Багдановіча, Гародня


У гэтым доме на Новым Сьвеце месьціцца музэй Максіма Багдановіча
У гэтым доме на Новым Сьвеце месьціцца музэй Максіма Багдановіча
Шыльда Свабоды
Гародня, вуліца 1 Мая, 10Музэй Максіма Багдановіча з 1982 да 1998 году быў цэнтрам актыўнага беларускага жыцьця. Тут выдавалася апазыцыйная газэта “Рэанімова”, працаваў беларускі дзіцячы гурток “Вянок”.
У 1982 годзе паэтку Дануту Бічэль-Загнетаву на просьбу Максіма Танка і Аляксея Карпюка ўзялі на працу ў Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй. Ёй даручылі ствараць экспазыцыю для будучага музэю Максіма Багдановіча ў доме, на якім вісела шыльда, што там жыў вялікі беларускі паэт. Хоць насамрэч жыў ён за тры дамы адсюль — проста, напэўна, гэты дом уладам падаўся прыгажэйшым. Сярод першага, што яна зрабіла, — аднавіла праўду: зьняла тую шыльду і павесіла новую з інфармацыяй, што ў Гародні жыў Багдановіч. А ў 1995 годзе музэй Багдановіча зрабілі самастойным.

Данута Бічэль стварала музэй і зьбірала вакол яго людзей, як сама любіць паўтараць, будавала сваю “вёску”, адкрытую для кантактаваньня аднадумцаў. Мастакі дарылі свае працы, пісьменьнікі — кнігі, у экспэдыцыях разам з навукоўцамі Акадэміі навук купляла экспанаты ў мясцовых людзей, часьцей за свае грошы.

Музэй быў адчынены штодня і для ўсіх. Там былі госьці зь Менску, Вільні, Беластоку, з Амэрыкі прыяжджаў Данчык. Памяшканьнем карыстаўся першым часам і гарадзенскі БНФ.

Беларускіх школ у Гародні тады не было. І бацькі сталі прыводзіць сваіх дзяцей у гэты музэй. Узьнік прыгожы дзіцячы гурток “Вянок” — ставілі спэктаклі на роднай мове, пісалі вершы, малявалі, рабілі свой літаратурны рукапісны альманах.

Суполка імя Багдановіча пры музэі стала таксама выдаваць сваю газэту — “Рэанімова”. Расказвае Данута Бічэль:

“Міша Баярчык прыдумаў гэтую назву — “рэанімацыя мовы”. Ён у газэту пісаў саркастычныя рэчы і маляваў таксама. Напрыклад, у першым нумары быў малюнак птушачкі, якая глыкае кропачкі над “і”, а з заду ў яе выходзяць дзьве літары “і”, зьвязаныя паміж сабой. Наклад быў у залежнасьці ад грошай, якія я зьбірала, жабравала. Мне збоку ніхто не даваў. Першы нумар нам бясплатна ў Вільні аддрукаваў Дубавец. Пасьля мне адзін літовец даў адрас віленскага друкара, у якога быў нейкі барабан, які ён мазаў чорнай фарбай, і гэта кацілася і капіравалася. Ён рабіў вельмі дрэнна, няякасна. Але мы там усе нашы лістоўкі, праграмы друкавалі”.

Газэта нядрэнна разыходзілася, асабліва на апазыцыйных мітынгах. Улады папярэджвалі пра тое, што нельга гэтым займацца, але не арыштоўвалі.

У 1998 годзе Дануту Бічэль насуперак яе жаданьню выправілі на пэнсію і прызначылі новае кіраўніцтва. І цяпер музэй функцыянуе як звычайная дзяржаўная культурная ўстанова.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG