Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск, вуліца Леніна, 32 (плошча Свабоды)



Шыльда свабоды

Віцебск, вуліца Леніна, 32 (плошча Свабоды), будынак Мастацкага музэю

На плошчы Свабоды з 19 да 21 жніўня 1991 году віцебскія дэмакратычныя актывісты ладзілі акцыі пратэсту супраць спробы дзяржаўнага перавароту. На ратушы быў вывешаны нацыянальны беларускі сьцяг.

Калі 19 жніўня 1991 году ў Маскве адбылася спроба дзяржаўнага перавароту, разьлік путчыстаў быў на татальны страх.

Але 19 чалавек у Віцебску знайшлі сьмеласьць кінуць выклік уладзе, заявіць, што ня хочуць вяртаньня ў савецкі канцлягер, што ГКЧП — незаконны. Свой пратэст сябры клюбу “За дэмакратычныя выбары” наладзілі на плошчы Свабоды, насупраць будынку абкаму партыі, — успамінае Алена Залеская:

“Надзела чаравікі на нізкім абцасе — а раптам уцякаць давядзецца? — і пайшла. Акружыла нас міліцыя. Але што рабіць з намі, яны ня ведалі. У іх не было каманды нас затрымліваць. Яны проста ўсіх нас перапісалі. А народ на нас кідаўся, абзываў усялякімі словамі”.

Тыя два дні, калі ў Савецкім Саюзе спрабавала кіраваць хунта, абвастрылі пратэставыя настроі дэмакратычна арыентаваных людзей і далі імпульс да дзеяньняў нацыянальным сілам. Тады ж над Віцебскам залунаў бел-чырвона-белы сьцяг, які ўзьняў, як прызнаўся пазьней, мастак Алесь Пушкін, а пашыла сьцяг Алена Залеская:

“А на наступны дзень мы сьвяткавалі перамогу. Мы падышлі да абкаму партыі, запалілі сьвечкі ў памяць пра загіблых у Маскве. У мяне ў руках былі два маленькія сьцяжкі — бел-чырвона-белы і расейскі, таксама самой пашыты, я сініла белую тканіну. Да мяне падышоў Пушкін і пытаецца, а ці не магла б я пашыць вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Я кажу, што ў мяне чырвонай тканіны мэтры тры ёсьць, а белай — няма. Тады ж увогуле ў крамах ніякай тканіны не было. Ён павёў мяне да сябе ў майстэрню. Адарваў вялікі кавалак белай тканіны. Я прыйшла дамоў, пашыла на машынцы сьцяг. Позна ўвечары прыйшоў Пушкін, забраў сьцяг. І назаўтра сьцяг вісеў над ратушай. Было так радасна, бо вісеў сьцяг свабоды Беларусі”.

Менавіта плошчу Свабоды віцебскія незалежнікі і дэмакраты абіралі ў якасьці месца свайго змаганьня. Яна ня раз апраўдвала сваю назву.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG