Шыльда свабоды
Крапівенскае поле пад Воршай
Крапівенскае поле пад Воршай
Тут з 1991 году рэгулярна адбываецца фэстываль бардаўскай песьні ў гонар вялікай перамогі войска ВКЛ над маскоўскімі дружынамі 8 верасьня 1514 году. Шмат разоў улады перашкаджалі правядзеньню культурніцкай патрыятычнай імпрэзы, затрымлівалі і арыштоўвалі яе ўдзельнікаў.
Крапівенскае поле, дзе 8 верасьня 1514 году войскі Вялікага Княства Літоўскага здабылі бліскучую перамогу над маскоўскімі дружынамі, беларускія патрыёты лічаць полем нацыянальнай славы. Там у 1989 годзе мясцовы краязнаўца Алесь Сярожкін паставіў шасьціканцовы крыж. А ў жніўні 1991 году два аршанцы, бард Андрэй Мельнікаў і журналіст Юрка Копцік, зладзілі на паляне, дзе рэчка Крапіўна ўпадае ў Днепр, фэстываль аўтарскай песьні. Удзел у гэтай тады яшчэ вельмі камэрнай імпрэзе ўзялі некалькі выканаўцаў — Андрэй Мельнікаў, Вольга Акуліч, Зьміцер Сідаровіч, Лера Сом — і крыху болей слухачоў.
А на наступны год 4 верасьня фэстываль ужо адбываўся з размахам — прысутнічалі каля 200 гледачоў з усёй Беларусі. На Крапівенскае поле тады прыехалі і сябры Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. Тут адбылося тое, што празь некалькі дзён паўторыцца і на плошчы Незалежнасьці ў Менску, — успамінае Юрка Копцік:
“Упершыню ў гісторыі Беларусі яе вайскоўцы прысягалі на вернасьць радзіме. У ходзе фэстывалю кожны, хто хацеў, прысягаў і расьпісваўся ў прысяжным лісьце”.
У 1993 годзе ўлады рэзка памянялі сваё стаўленьне да патрыятычнай культурнай імпрэзы. Правакатары кралі грошы і гітары, рэзалі намёты і абразалі драты ад апаратуры. У 1995 годзе дайшло да пабоішча са сьмяротным выпадкам, а наўздагон — у прэсе шалёнае цкаваньне арганізатараў і ўдзельнікаў імпрэзы сэнтэнцыямі кшталту: на Крапівенскім полі зноў забіваюць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
У 2000 годзе аршанскі Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Ўладзімера Караткевіча на чале з Ларысай Кудраўцавай і Генадзем Шэпелевым аднаўляе фэст. І зноў правакацыі, апагей якіх быў у 2007 годзе. Менавіта ў дзень фэсту ўладам спатрэбілася шукаць у Дняпры снарады, якіх, натуральна, там не было. Аблава ахапіла Аршанскі і Дубровенскі раёны: сотні людзей былі затрыманыя на вакзалах, дарогах, іх трымалі ў пастарунках і нават арыштоўвалі, — успамінае Юрка Копцік:
“Паводле ўзроўню разгорнутай апэрацыі, назавем яе “Ахтунг: Песьня!”, паводле прыцягненьня сілаў на тую апэрацыю на асобна ўзятай тэрыторыі, яна была супастаўная толькі з экспэдыцыямі нямецкіх карнікаў супраць беларускіх партызанаў у 1942—44 гадах”.
Крапівенскае поле памятае ня толькі бой паміж старажытнымі беларускімі і расейскімі войскамі, але і бітвы сучасных беларускіх уладаў з уласным народам, які працягвае свабодна сьпяваць.