Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні мядзьведзь сышоў у Расею


Беларускія мядзьведзі Паша і Маша
Беларускія мядзьведзі Паша і Маша

На Магілёўшчыне зьнікла апошняя сям’я бурых мядзьведзяў. Тры асобіны гэтага ляснога волата жылі ў глухім урочышчы “Заечы кут”, што на Хоцімшчыне. Тамтэйшыя спэцыялісты лясной гаспадаркі не выключаюць, што мядзьведзяў забілі расейскія браканьеры.

У хоцімскім лясьніцтве паведамілі, што ва ўрочышчы ўжо даўно ня бачылі мядзьведжай сям’і. Прычыны яе зьнікненьня застаюцца невядомымі:

“Можа, таму, што побач Расейская Фэдэрацыя, дык яны збраканьернічалі, бо там жа такое глухое месца. Іх там было трое. Дужа шкада, што яны зьніклі. Гэта адзінае было пасяленьне”, — зазначыў супрацоўнік хоцімскай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Паводле суразмоўцы, раней на Хоцімшчыне жыло каля дзясятка мядзьведжых сем’яў. Назіралі за імі ад шасьцідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя.

“Потым расейцы некалькіх забілі. У іх жа там сваволя”.

Карэспандэнт: “Мяжы ж няма, праўда, дык яны могуць заяжджаць, калі хочуць?”

“Канечне, пытаньняў няма. Дрот жа калючы не нацягнеш. Ужо ў іх нібыта таксама пачалі ўзмацняць жорсткасьць у гэтай справе. Яны пачалі рэйды рабіць, як і мы”.

Тое, што беларуская сям’я мядзьведзяў зьнікла, пацьвярджаюць і хоцімскія паляўнічыя. Адзін зь іх, Валер, кажа, што бачыў мядзьведзіцу з двума медзьведзянятамі гадоў пяць таму. Ён, аднак, сумняваецца, што гэта былі менавіта беларускія мядзьведзі:
У нас такія лясы акультураныя, што няма куды й сесьці мядзьведзю”....

“У нас цяпер мядзьведзі праходзячыя. Яны з бранскіх лясоў ідуць ды праходзяць па Іпуці туды ў глуш, туды на Смаленшчыну. Сваіх жа ў нас лежбішчаў няма. У нас такія лясы акультураныя, буду казаць, што няма куды й сесьці”.

Што да дзічыны наагул, то, паводле паляўнічага, яе ў хоцімскіх лясах стала болей.

“Больш жорсткімі сталі законы, дужа вялікія штрафы: паўтара, тры мільёны. У сёлах стала менш старых паляўнічых, якія заўжды палявалі як партызаны. Аднак усё адно ёсьць узаконенае браканьерства, калі ствараецца брыгада й замест па ліцэнзіі аднаго забіваюць трох і болей дзікоў”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, за апошнія чатыры гады на Магілёўшчыне зьніклі тры віды жывёлаў, занесеных у Чырвоную кнігу. Акрамя мядзьведзяў, больш няма вялікай выпі ды сізаваронкі. Не трапляюцца болей і чатыры віды рэдкіх расьлін. З-за страты прыродаахоўнай значнасьці ліквідаваныя 48 помнікаў прыроды і заказьнікаў. Прычыны — высечка лясоў, масавы збор грыбоў ды ягад, а таксама браканьерства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG