Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Н.Злобін: “Гэта памылковая пазыцыя Менску”


Вызваленьне Зэльцэра і візыт кангрэсмэнаў камэнтуе амэрыканскі палітоляг Нікалай Злобін.

Пракамэнтаваць перамовы Аляксандра Лукашэнкі з амэрыканскімі заканадаўцамі, вызваленьне Эмануіла Зэльцэра і рэакцыю на гэта Дзярждэпартамэнту ЗША мы папрасілі амэрыканскага палітоляга, дырэктара расейскіх і азіяцкіх праграмаў Інстытуту ўсясьветнай бясьпекі Нікалая Злобіна.

Дракахруст: Спадар Злобін, Аляксандар Лукашэнка пасьля сустрэчы з амэрыканскімі заканадаўцамі зрабіў жэст – вызваліў амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра. Дзярждэпартамэнт вітаў гэты крок, патлумачыўшы, што праблема Зэльцэра была галоўнай перашкодай для паляпшэньня адносінаў і зараз яны, магчыма, будуць перагледжаныя. Як бы вы ацанілі гэты жэст і гэтую заяву Дзярждэпартамэнту? З-за лёсу аднаго амэрыканца рабіць "перазагрузку" адносінаў? Ці сэнс палягае ў тым, што "перазагрузка" была заплянаваная і гэты жэст Менску быў толькі нагодай?

Злобін: Я мяркую, што хутчэй другое. Амэрыканскія ўлады хочуць зьмяніць палітыку глябальна , у тым ліку і постсавецкай прасторы, бо тое, як дзейнічаў Вашынгтон у мінулыя гады, вялікіх палітычных, эканамічных і ваенных дывідэндаў яму не прыносіла. Сёньня не зусім зразумела, як будзе адбывацца перагляд амэрыканскай зьнешняй палітыкі на тэрыторыі былога СССР, але жаданьне яе перагледзіць ёсьць.

Але шмат у чым амэрыканская палітыка будзе залежаць ад вынікаў паездкі Абамы ў Маскву
У значнай ступені гэта будзе залежаць як ад вынікаў візыту прэзыдэнта Абамы ў Маскву 6-7 ліпеня, гэтак і ад таго, наколькі ўлады постсавецкіх краін будуць адэкватна ўспрымаць спробы амэрыканцаў аднавіць адносіны з гэтымі краінамі. Але шмат у чым амэрыканская палітыка будзе залежаць ад вынікаў паездкі Абамы ў Маскву і ад таго, як пойдзе размова пра постсавецкую прастору ў перамовах з прэзыдэнтам Мядзьведзевым і прэм’ер-міністрам Пуціным. Калі Расея сапраўды пакажа, што яна гатовая ісьці на паляпшэньне адносінаў з ЗША, то ў Амэрыкі і краінаў постсавецкай прасторы ня будзе перашкодаў для такога кшталту зьменаў палітыкі ЗША з Украінай, Казахстанам, Азэрбайджанам і г.д., бо тут галоўнай перашкодай часта выступала Масква. Але калі яна хоча "перазагрузіць" адносіны з Вашынгтонам, чаму гэтага ня могуць зрабіць іншыя краіны?

Дракахруст: Аляксандар Лукашэнка ў размове з амэрыканскімі сэнатарамі і кангрэсмэнамі вылучыў дзьве ўмовы аднаўленьня паўнавартаснай амэрыканскай дыпляматычнай прысутнасьці ў Беларусі – гэта поўнае скасаваньне амэрыканскіх санкцый і скасаваньне “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, як прававой асновы такіх санкцыяў. Як вы ацэньваеце гэтыя патрабаваньні?

Лукашэнка ўспрымае ролю прэзыдэнта Абамы ў ЗША прыкладна гэтак жа, як ён бачыць сябе ў Беларусі. Але Абама не зьяўляецца адзінаасобным ўладаром ЗША
Злобін:
Гэта памылковая пазыцыя Менску. Лукашэнка ўспрымае ролю прэзыдэнта Абамы ў ЗША прыкладна гэтак жа, як ён бачыць сябе ў Беларусі. Але Абама не зьяўляецца адзінаасобным ўладаром ЗША, тут ёсьць балянс уладаў, ёсьць Кангрэс, які фінансуе палітыку і прымае абавязковыя заканадаўчыя акты, ёсьць амэрыканская эліта, ёсьць даволі незалежны друк, ёсьць бізнэс-супольнасьць, ёсьць грамадзянская супольнасьць, і кожны зь іх патрабуе кампрамісу зь ім.

Пазыцыі Кангрэсу і друку значна больш жорсткія адносна Беларусі, чым пазыцыя адміністрацыі. Нават калі Белы дом, паддаўшыся на перамовы з Лукашэнкам, выкажацца на карысьць адмены ці зьмягчэньня санкцый ці адмены "Акту аб дэмакратыі для Беларусі", то наўрад ці гэта дасягальна і тым больш дасягальна ў агляднай пэрспэктыве. Для недэмакратычных краін традыцыйна думаць, што Амэрыка палітычна жыве гэтак жа, як яны, і што воля прэзыдэнта там зьяўляецца абсалютным законам.

Прэзыдэнт ЗША – дастаткова слабая фігура на палітычнай дошцы Амэрыкі, ён павінен вельмі далікатна вырашаць праблемы з Кангрэсам і асабліва з Сэнатам, бо менавіта Сэнат фінансуе зьнешнюю палітыку і без іх ухвалы, без кампрамісу зь імі нічога немагчыма. І адносна Беларусі Кангрэс займае вельмі жорсткую пазыцыю і пакуль зьменаў у ёй ня бачна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG