Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча наклала абмежаваньні на беларускую крыптавалютную біржу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кампанія-рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій «ЕРПБел», якая зьяўляецца апэратарам крыптабіржы Bynex, папоўніла беларускую частку санкцыйнага сьпісу, якім займаецца Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

Як мяркуе польскае ведамства, Bynex нясе «сапраўдную рызыку выкарыстаньня яе для абыходу дзейных міжнародных санкцый, а таксама для фінансаваньня або падтрымкі дзейнасьці дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў кантэксьце падтрымкі расейскай агрэсіі супраць Украіны».

Гэтыя высновы зробленыя на падставе таго, што ўсе арганізацыі ПВТ, уключна з «ЕРПБел», «знаходзяцца пад непасрэдным кантролем беларускіх дзяржаўных органаў».

У міністэрстве ня лічаць за вынятак, што біржа і яе апэратар — гэта прыватны бізнэс. У прыватнасьці, падкантрольны вядомаму IТ-прадпрымальніку, заснавальніку SoftClub Уладзімеру Сіротку. Яго з кампаньёнамі нядаўна затрымалі ў Беларусі, іх падазраюць у вывадзе рэсурсаў зь Беларусі.

Акрамя таго, як адзначаюць у міністэрстве, з 2021 году «ЕРПБел» зьяўляецца партнэрам найбуйнейшага дзяржаўнага банку Беларусі — «Беларусбанку», які знаходзіцца пад санкцыямі. У Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы ўспамінаюць, што колішні галоўны рахункавод «Беларусбанку» Ірына Лысакоўская ў 2022–2023 гадах была якраз дырэктаркай «ЕРПБел».

Кампанія «ЕРПБел» створаная ў 2007 годзе, у 2008-м стала рэзыдэнткай ПВТ. Сярод яе буйных праектаў, рэалізаваных да таго моманту, як яна занялася крыптабіржай, рашэньні для Менскай цэнтральнай мытні, мытных камітэтаў Таджыкістану і Казахстану, Міністэрства фінансаў Казахстану, Менскага трактарнага заводу (МТЗ), піша газэта «Белорусы и рынок».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG