Самалёт кампаніі «Белавія», які рухаўся маршрутам Менск — Баку, вярнуўся ў аэрапорт пасля ўзлёту позьнім вечарам 12 лістапада, вынікае са зьвестак Flightradar24.
Пасьля вяртаньня пасажыраў перасадзілі на рэзэрвовы самалёт — Boeing 737-31S (EW-366PA), які вылецеў у сталіцу Азэрбайджану толькі праз 3,5 гадзіны, паведамляе тэлеграм-канал «ОтВинта | Авиация Беларуси».
У «Белавія» здарэньне патлумачылі тым, што камандзір экіпажу выявіў тэхнічныя няспраўнасьці самалёта і прыняў рашэньне аб вяртаньні ў Менск.
У жніўні самалёт «Белавія» вылецеў з Баку ў Менск з затрымкай на 13 гадзін праз паломку, паведамляў «Онлайнер».
Міністэрства фінансаў ЗША зьняло санкцыі ў дачыненьні нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» ў пачатку лістапада. З-пад санкцый вывелі тры паветраныя судны, якія могуць мець дачыненьне да Аляксандра Лукашэнкі і кампаніі «Слаўкалій», якая раней актыўна працавала на тэрыторыі Беларусі. Гэта самалёты з бартавымі нумарамі EW-001PA (сэрыйны — 33079), EW-001PB (33968), а таксама верталёт EW-001PH (31835).
Гэтыя самалёты цяпер могуць атрымліваць тэхнічнае абслугоўваньне, у іх ня будзе забаронаў на пералёты.
Акрамя гэтага, з-пад санкцый вывелі самалёт Bombardier Challenger 850 з рэгістрацыйным нумарам EW-301Р. Яго выкарыстоўвае ўрад Беларусі для палётаў у службовых мэтах.
Пасьля паслабленьня амэрыканскіх санкцый «Белавія» будзе прасьцей працаваць з далярам, заявіў на прэс-канфэрэнцыі 29 кастрычніка генэральны дырэктар нацыянальнага перавозьніка Ігар Чаргінец.
Форум