Сеткавая агароджа дапаможа памежнай ахове спыняць мігрантаў, якім удасца перасекчы першы бар’ер, паведамляе onet.pl з спасылкай на RMF FM. Матэрыялы для канструкцыі ўжо дастаўляюцца на мяжу.
Другая загарода, паводле выданьня, будзе сеткавай агароджай, якая будзе праходзіць уздоўж дарогі побач з мэталічнай агароджай на мяжы. Канструкцыя дасягне вышыні 4 мэтры. Побач зь сеткавай загародай таксама будуць разьмешчаныя два скруткі калючага дроту.
Новая сьцяна спыніць мігрантаў, якім удасца перасекчы першы памежны бар’ер. Гэта палегчыць умяшаньне супрацоўнікаў памежнай аховы ў справу, мяркуюць улады.
Паводле радыёстанцыі, матэрыялы для будаўніцтва новай сьцяны ўжо прыбылі на мяжу. Чакаецца, што ўстаноўка пачнецца бліжэйшымі днямі, і за яе будуць адказваць жаўнеры з інжынэрных войскаў. Загароду плянуюць паставіць да канца студзеня 2026 году.
Адна загарода на мяжы ўжо пабудаваная. Будаўніцтва 5,5-мэтровай сталёвай сьцяны (у тым ліку паўмэтра калючага дроту) пачалося ў студзені 2022 году. Працы былі завершаныя летам таго ж году.
На мяжы таксама былі ўсталяваныя камэры, цеплавізары і чуйнікі руху. Пазьней, у 2024 годзе, сьцяну мадэрнізавалі.
Па стане на 11 лістапада гэтага году ўладам Польшчы не ўдалося затрымаць 1428 чалавек на мяжы зь Беларусьсю. Летась за той жа пэрыяд гэтая лічба складала ня менш за 5150 чалавек, паводле зьвестак RMF FM.
Раней польскія ўлады ўжо гаварылі пра іншую сыстэму фартыфікацый, якую называлі «Ўсходнім шчытом». Праект ахопіць 100 км тэрыторыі ўглыб краіны.
Праект «Усходні шчыт» пазыцыянуецца як ключавы ў абароннай сфэры Польшчы і запатрабуе 10 млрд злотых (звыш 2,7 млрд даляраў). Прадугледжваецца частковае суфінансаваньне з боку Эўразьвязу і NATO.
Рэалізуецца ў 2024–2028 гадах. Яго мэтай заяўлена ўмацаваньне ўстойлівасьці Польшчы да нападаў і «гібрыднай вайны». Ён не накіраваны на барацьбу зь нелегальнай міграцыяй, хаця ва ўжытку нярэдка памылкова блытаецца з збудаваньнем бар’еру на мяжы.
Форум