Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пачасьціліся сустрэчы саюзьнікаў?


Кіраўнікі Беларусі й Расеі дамовіліся пра новую сустрэчу, якая адбудзецца ў Менску. Такое рашэньне было прынятае падчас чацьвёртага ад пачатку года працоўнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву. З чым зьвязаная такая частата кантактаў лідэраў дзьвюх саюзных краін?

Падчас чацьвёртай сустрэчы Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў прааналізавалі як выконваюцца рашэньні, дасягнутыя падчас першага сёлетняга візыту. І найперш — сытуацыю вакол паставак расейскага газу і яго аплаты. Лукашэнка праінфармаваў прэзыдэнта Расеі пра разьвіцьцё стасункаў Беларусі з Захадам і пра пэрспэктывы ўдзелу Беларусі ў праграме “Ўсходняга партнэрства”.

Паводле Лукашэнкі, сустрэчы на вышэйшым узроўні актывізуюць чыноўнікаў і вырашаюць пытаньні, якія здаваліся непераадольнымі. Мядзьведзеў застаўся задаволены магчымасьцю “зьверыць гадзіньнікі па розных пытаньнях”.

Расейскі дэпутат і палітоляг Сяргей Маркаў зьвязвае частату сустрэчаў з тым, што імкліва мяняецца сытуацыя.

Сяргей Маркаў
“Эканамічны крызіс прымусіў перагледзець шэраг стасункаў. Апроч таго, Эўразьвяз пачаў новую палітыку: адмовіўся ад спробаў прамога ціску ды ізаляцыі Беларусі. І стаў уцягваць яе ў розныя праекты. І тым самым паспрабаваў змагацца з Расеяй за ўплыў на Беларусь. Усё гэта вядзе да кардынальнай зьмены зьнешняга кантэксту расейска-беларускіх дачыненьняў і патрабуе вельмі інтэнсіўнага перамоўнага працэсу для вырашэньня розных праблем. А сытуацыя ўвесь час хістаецца — то ў бок пагаршэньня, то ў бок паляпшэньня. Я ня думаю, што рыхтуюцца стратэгічныя рашэньні. Але ёсьць пагроза, што адбудзецца пагаршэньне стасункаў, і ёсьць магчымасьць рэзкага іх паляпшэньня. Вельмі шмат новых абставінаў і сытуацыя выйшла з пэрыяду стабільнасьці”.

Паводле лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, Расея занепакоена намерам Беларусі ўдзельнічаць ва “Ўсходнім партнэрстве”:

Аляксандар Мілінкевіч
“Фармальна Расея нібыта пагаджаецца з тым, што трэба Беларусь адкрываць на аб’яднаную Эўропу, трэба зьнішчаць рэжым самаізаляцыі, але ёсьць вялікая занепакоенасьць. Паколькі нам у бліжэйшы час трэба вызначаць геапалітычны лёс Беларусі, і несумненна, я ўпэўнены, што мы абяром дарогу да аб’яднанай Эўропы, ёсьць занепакоенасьць у Расеі. Часовыя танныя газ і нафта ня вырашаць лёс Беларусі. А вось удзел у праграмах Эўразьвязу — вырашыць”.

Ігар Лялькоў
Паводле палітоляга Ігара Лялькова, частыя сустрэчы саюзьнікаў зьвязаныя найперш з ускладненьнем стасункаў паміж краінамі:

“З аднаго боку, Беларусі вельмі патрэбныя грошы. І цяпер ажыцьцяўляюцца такія ліхаманкавыя пошукі грошай. А традыцыйны спонсар беларускай эканомікі, Расея, ужо ня хоча ці ня можа ў тых самых аб’ёмах, як гэта было дагэтуль, гэтую эканоміку спансаваць. А з другога боку — з пэўнай палітычнай сытуацыяй, зьвязанай з тым, што Беларусь пакрыху ўцягваецца ў праграму „Усходняга партнэрства“, і гэта яўна недаспадобы Расеі. Таму існуе цэлы комплекс пытаньняў, якія знаходзяцца ў тупіковым стане”.

Аляксандар Казулін
Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін мяркуе, што частыя сустрэчы выкліканыя найперш пагрозай для ўлады Лукашэнкі:

“Тым, што, магчыма, ня будзе чаго есьці. І калі людзі апынуцца ў гэтым стане, пры такіх вельмі аптымістычных заявах з боку кіраўніцтва краіны, то што тады будзе?”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG