Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Культура апушчаная ніжэй за ватэрлінію ў ватэрклязэце


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Уладзімер Някляеў.



– Зьдзівіла назва матэрыяла на сайце БелаПАН: “В Минске проходит акция по случаю Дня Воли”.

“Акция по случаю…” І гэта (беларускае і незалежнае!) інфармацыйнае агенцтва пра нацыянальнае сьвята…

"Дарма ты надрываўся…” — сказаў мне пасьля мітынгу ў Дзень Волі, дзе я чытаў верш “Сьцяг”, Генадзь Бураўкін. — Ніхто ня чуў нічога”.

Уладзімер Някляеў. Ён нарадзіўся на Гарадзеншчыне, дзяцінства правёў у Крэве – знакавым месцы беларускай гісторыі.

Аўтар шэрагу кнігаў паэзіі і прозы, ляўрэат прэстыжных прэмій. У розныя часы працаваў сувязістам на Поўначы, у Сыбіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Добра знаёмы з журналістыкай: друкаваўся ў "Знамени юности", рэдагаваў бюлетэнь "Тэатральны Мінск", быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня, узначальваў часопіс "Крыніца" і штотыднёвік "Літаратура і мастацтва". З 1998 па 2001 – старшыня Саюзу пісьменьнікаў.

Шэраг гадоў правёў у вымушанай эміграцыі ў Польшчы і Фінляндыі, цяпер зноў жыве ў Менску.


Сапраўды, у нас даўно ўжо ніхто нічога — і нікога — ня чуе. Іншым разам здаецца, што ня слухаюць нават саміх сябе. Прамаўляюць — і ня чуюць, што кажуць.

І ўсё адно трэба казаць.

Пакуль не пачуюць.

Але Дзень Волі — сьвята, а на сьвяце можна было б абысьціся без прамоў. Сьвята трэба сьвяткаваць. Танцаваць, сьпяваць. А ці ёсьць у нас песьня, якую можам мы сасьпяваць разам?

“Магутны Божа”?.. Прыгожа, але ж гэта малітва, а ня песьня. Зь ёй на хаўтурах, на могілках стаяць, а ня сьвяты сьвяткаваць.

Ёсць жа сьвяточныя песні, напісаныя на вершы Бураўкіна, Гілевіча, Дранько-Майсюка… Хто і дзе іх сьпявае?.. Хто чытае кнігі гэтых паэтаў?

Колькі беларусаў, жывучы ў адным часе з Рыгорам Барадуліным, нацыянальным геніем, прачыталі ягоныя “Ксты”? А гэта ж не мітынговы лямант пра дыктатуру. Гэта высокае, нябеснае, вечнае…

Не патрэбнае?..

Вечнае не патрэбнае.

Ніхто – ні ўлада, ні апазыцыя, нічога не чытае, нацыя тупее, дурэе, нацыянальная культура апушчаная ніжэй за ватэрлінію ў ватэрклязэце — і ўсе крычаць, як у Адэсе кажуць, “за дэмакратыю”.

І будуць мне даводзіць, што спачатку яна, дэмакратыя, а пасьля ўжо ўсё астатняе. Што астатняе?.. Мова, культура?.. Вечнае?..

Дапусьцім, займеем мы, ці нават ужо займелі дэмакратыю, а пасьля раптам страцім яе.

І што?.. Страціўшы дэмакратыю, мы страцім толькі дэмакратыю. Якую зноў пасьля можам займець. Як страціўшы стасункі з Захадам ці Ўсходам, Масквой ці Вашынгтонам, можам іх аднавіць. Як згубіўшы грошы, можам іх знайсьці...

А згубіўшы нацыянальную мову, страціўшы сваю культуру, мы страцім Беларусь. Сваю Беларусь. Якую пасьля нідзе і ні ў чым ня знойдзем, бо ня будзе дзе і ў чым шукаць.

Хто-небудзь, калі-небудзь у гэтай краіне гэта зразумее?..

Я не пытаюся пра гэта ў Мілінкевіча ці Баршчэўскага… А тым больш у Барадуліна…

Тады ў каго пытаюся?..

Каму кажу?..

Ужо і сам ня ведаю, каму? — столькі разоў пра гэта сказана.

Можа, нарэшце, Бог пачуе?..

…Лунае, нескароны,
На векавых вятрах
Наш, ад крыві чырвоны,
Ад болю белы, сьцяг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG