Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску — рэвізоры МВФ


Сустрэчай са старшынём праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пятром Пракаповічам экспэрты Міжнароднага валютнага фонду сёньня распачалі сваю працу ў Менску.

СЛУХАЦЬ:


Яны будуць вывучаць фінансава-эканамічнае становішча ў краіне.

Супрацоўніца Беларускага прадстаўніцтва МВФ Алена Каваленка пацьвердзіла “Свабодзе”, што перамовы пачаліся: “Місія прыбыла. Яна пачала працу сёньня”.

У офісе таксама сказалі, што экспэрты абмяркуюць бягучы стан эканомікі Беларусі, сытуацыю ў грашова-крэдытнай сфэры, а таксама рэалізацыю праграмы stand-by.

Прадстаўнік Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч кажа, што экспэрты сёньня ўжо размаўлялі са спадаром Пракаповічам. І дамовіліся пра яшчэ адну сустрэчу — ужо напрыканцы свайго знаходжаньня ў Беларусі, якое працягнецца прыблізна да 10 сакавіка. А на пытаньне, што абмяркоўваюць бакі, адказаў так:

“Гэта і манэтарная палітыка, і праца валютнага рынку. А таксама — як папаўняліся міжнародныя рэзэрвы, наколькі яны эфэктыўна выкарыстоўваюцца. Ну, і, безумоўна будзе разглядацца эканамічная сытуацыя”.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч, былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі, кажа, што тое-сёе беларускія ўлады робяць. Але шмат якія дэклярацыі не пераходзяць у канкрэтныя рашэньні. Прыкладам, у Беларусі цяпер прадукцыі, якая не знаходзіць пакупнікоў, набралася амаль на тры мільярды даляраў. У найлепшым выпадку яе аддаюць у доўг.

“А я ня чуў, каб першая асоба краіны публічна заявіла, што мы адмаўляемся ад адміністратыўнага ціску на эканоміку. І што трэба перастаць гнаць вал дзеля валу, дзеля статыстыкі”.

Прафэсар Багданкевіч кажа, што Беларусь з розных крыніцаў набрала крэдытаў на 10 мільярдаў даляраў:

“Дык можна было б на 10 мільярдаў скараціць падаткі. Каб грошы засталіся прадпрыемствам і яны правялі мадэрнізацыю. Аднак такога комплекснага, сыстэмнага нічога ня зроблена”.

Прафэсара Багданкевіча асабліва хвалюе засакрэчанасьць крэдытных апэрацыяў:

“Атрымалі, напрыклад, мільярд расейскага крэдыту. А куды дзелі? Чаму гэтага ня ведае грамадзкасьць? Другі мільярд атрымалі. А валютныя рэзэрвы не павялічыліся. Дык куды грошы дзеліся? Іх што, усе праелі? Так можна пражыць пару гадоў, а потым дзеці ды ўнукі будуць усё выплачваць”.


У студзені МВФ ухваліў выдзяленьне стабілізацыйнага крэдыту для Беларусі ў памеры 2,46 мільярда даляраў пад рэалізацыю праграмы рэформаў, якая разьлічана на 15 месяцаў. Першы транш крэдыту — 788 мільёнаў даляраў — паступіў у Беларусь у студзені. Чарговы — каля 400 мільёнаў даляраў — чакаецца ў красавіку.

Беларусь уваходзіць у МВФ з 1992 году. За гэты час яна атрымала два траншы крэдыту па праграме сыстемных рэформаў: у жніўні 1993 году (98 млн. даляраў) і ў лютым 1995 году (101,7 млн. даляраў), а таксама адзін транш крэдыту stand-by у верасьні 1995 году (101,7 млн. даляраў). Пазьней фонд спыніў выдзяленьне крэдытаў Беларусі з прычыны неадпаведнасьці эканамічнай палітыкі ўраду рэкамэндацыям МВФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG