Місія МВФ пад кіраўніцтвам Нэвена Мацеса правядзе сустрэчы ў Нацыянальным банку і беларускім урадзе цягам працы да 6 лістапада. Пра гэта паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ у Беларусі.
Паводле прадстаўніка МВФ, усясьветны крызіс адмоўна паўплываў на эканоміку Беларусі, на доступ да зьнешняга фінансаваньня. У той жа час зьмена каньюнктуры ў міжнародным гандлі нэгатыўна паўплывала на плацежны балянс краіны.
Нацыянальны банк і беларускі ўрад зьвярнуўся да МВФ з просьбай выдзеліць крэдыт у 2 мільярды даляраў. У Нацыянальным банку патлумачылі гэта неабходнасьцю стварыць “падушку бясьпекі” ва ўмовах усясьветнага фінансавага крызысу.
Таксама афіцыйны Менск зьвярнуўся за 2-мільярдным крэдытам да расейскіх уладаў. У Расеі заявілі аб прынятым “прынцыповым рашэньні” выдзеліць такі крэдыт.
Міжнародны валютны фонд і ўрад Украіны дасягнулі прынцыповага пагадненьня аб выдзяленьні крэдыту ў 16,5 мільярдаў даляраў. Гэты крэдыт разьлічаны на два гады і павінен быць ухвалены радай дырэктараў МВФ.
Як заявіў прадстаўнік МВФ, Украіна “распрацавала сур’ёзны пакет мераў, якія накіраваны на вырашэньне праблем, выкліканых падзеньнем цэнаў на сталь, фінансавым крызысам і зьвязанымі зь ім цяжкасьцямі ў нацыянальнай фінансавай сыстэме”.
МВФ мае намер аказаць апэратыўную дапамогу Ўкраіне і гэтая праграма накіравана “на рэалізацыю папераджальных крокаў для падтрымкі даверу, эканамічнай і фінансавай стбільнасьці”.