У невялікім барку з дубоў, каштанаў ды хваінаў у пасёлку Кісялевічы, што за дзесяць хвілінаў язды маршруткай ад Бабруйскага аўтавакзалу знаходзіцца міжраённы анкалягічны дыспансэр. У ім і разьмясьцілі першы на Магілёўшчыне хосьпіс.
Пра лякарню-хосьпіс і яе хворых гутару з галоўным лекарам дыспансэру Вадзімам Богданам:
“У хосьпіс павінны паступаць хворыя з чацьвёртай клінічнай групай анкалягічных захворваньняў. Гэта тыя хворыя, якія не падпадаюць ні пад якое спэцыяльнае лекаваньне, ім прадпісанае толькі наркатычнае абязбольваньне. Чалавек павінен жыць і памерці бяз болю. Аказваем псыхатэрапэўтычную дапамогу хворым і іхным сваякам і даглядаем”.
Паводле Вадзіма Богдана ў хосьпіс афармляюць хворых па накіраваньні тэрытарыяльных паліклінік і пасьля індывідуальнага сумоўя зь іх сваякамі.
Чаргі ў новую лякарню пакуль няма, але спадар Богдан, не выключае, што гэта сытуацыя часовая:
“Гэта патрэба, гэта будзе, гэта сусьветная тэндэнцыя. Ніхто ад гэтага не застрахаваны ні я, ні вы”.
Міжраённы дыспансэр абслугоўвае пяць раёнаў: Бабруйскі, Глускі, Кіраўскі, Клічаўскі ды Асіповіцкі. На ўліку ў дыспансэры стаяць каля васьмі тысяч хворых на анкалёгію.
Па самім хосьпісе мяне водзіць яго загадчыца Марына Вейнэрчук. У лякарні восем пакояў. Яны разьлічаныя на аднаго, двух, трох чалавек. У кожным пакоі тэлевізар, прыбіральня, кветкі. Каля кожнага ложка стаіць тэлефон для тэрміновай сувязі зь дзяжурным лекарам.
Ня ўсе хворыя аднак датрымоўваюцца бальнічнага рэжыму. Адзін з такіх - Віктар Цярэньцевіч. На маю заўвагу рэагуе з гумарам. “Адпачну яшчэ” кажа. У хосьпісе яму падабаецца:
“Усё выдатна, ніякіх заўвагаў няма. Цудоўны пэрсанал. Даглядаюць як дзіця. Тэлевізар ёсьць, для хворага створаныя ўсе ўмовы”.
За хворымі даглядае пэрсанал з дваццаці чалавек.
У спадарыні Вейнэрчук цікаўлюся, што найбольш складанае ў працы з хворымі хосьпісу:
“Псыхіка хворага на анкалёгію ўжо зьмененая. Таму знайсьці кантакт з такім чалавекам, часам са здаровым чалавекам не заўжды атрымліваецца, а з хворым, у якога псыхіка інакш выбудаваная, яшчэ цяжэй. Яны больш патрабавальныя. Патрабавальныя да акаляючых. Таму ў гэтым пляне цяжка зь імі бывае”.
У хосьпісе ляжаць хворыя, якіх ужо немагчыма вылечыць. Мы ідзём на працу, кажа Марына Вейнэрчук, каб дапамагчы ім і аблегчыць іхныя пакуты:
“Адна справа, калі мы лечым і ведаем, што вынік залежыць і ад нас –гэта адно. А калі мы розумам разумеем, што чацьвёртая клінічная група ўжо не прадугледжвае спэцыяльнага лекаваньня. У дадзенай сытуацыі наша задача – палепшыць ім якасьць жыцьця, каб ён правёў яго ў паразуменьні з сабой і сьветам”.
Хосьпіс у перакладзе на беларускую мову азначае прытулак. Першы хосьпіс заснавала у 1842 годзе ў Ліёне таварыства “Кальвэр”. Першы дзяржаўны беларускі хосьпіс для дарослых быў створаны ў кастрычніку 2005 году ў Менску.
У Бабруйскім міжраённым анкалягічным дыспансэры адкрыўся другі ў Беларусі хосьпіс, першы ў Магілёўшчыне. Ён разьлічаны на пятнаццаць чалавек, якія пакутуюць на анкалягічныя захворваньні і па сутнасьці не вылечныя.
Самае папулярнае
1