Пасьля сямі сутак адпушчаныя на волю гісторык Сьвятаслаў Шапавалаў і навучэнка мастацкага каледжу Марыя Тульжанкова.
Нам “прышылі” шэсьце, дэманстрацыю, пікет
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Процка правёў за кратамі дзесяць сутак:
“Нас асудзілі з палітычных матываў. Нам “прышылі” шэсьце, дэманстрацыю, пікет. Як казаў абвінаваўца, сваім выглядам мы зьвярталі на сябе ўвагу грамадзкасьці. Гэта й ёсьць палітычны заказ, бо мы нічога не парушалі”.
Гісторык Сьвятаслаў Шапавалаў усе сямёра сутак трымаў за кратамі галадоўку. Ён распавядае пра ўмовы ўтрыманьня актывістаў за кратамі:
“У мяне было адчуваньне, што я трапіў у карцэр. Я іх адразу спытаў: “Гэта што — карцэр?” Кажуць: “Не, ты яго яшчэ ня бачыў”. Я пярэчу: “Бачыў — на экскурсіі ў Петрапаўлаўскай крэпасьці ў Расеі. Дакладна такі ж карцэр, як пры цары-бацюхну — брудна, абадраныя сьцены, халадзіна. Пасадзілі ў халодную!” Спаць практычна немагчыма з-за холаду й мулкасьці. Я пытаўся: няўжо ў 21 стагодзьдзі нельга нармальныя камэры зрабіць? Пазбаўленьне волі — пакараньне само па сабе, а невыносныя ўмовы — гэта зьдзек з чалавека. Прабачце, адкрытая “параша” стаіць высока, як на пастамэнце. Мая 11-я камэра не праветрывалася зусім, не адчыняліся вокны. Зроблена так, што толькі па вакне й можна меркаваць, што зараз — дзень ці ноч. Пастаянна гарыць сьвятло. Яно накіравана на дзьверы такім чынам, што чытаць практычна немагчыма — зацямняеш кнігу”.
У мяне было адчуваньне, што я трапіў у карцэр
Спадар Шапавалаў кажа, што ў яго адабралі іконкі й ружанец, каб маліцца. Не давалі рэгулярна кіпеню. А паколькі ён галадаў, то адміністрацыя забараніла яму карыстацца й усталяваным у ізалятары тэлефонам.
На просьбу Сьвятаслава яму перадалі ў ізалятар успаміны Ларысы Геніюш, і ён, наколькі было магчыма, чытаў.
Уладзімір Няпомняшчых з Аляксандрам Процкам чыталі ў камэры па чарзе аповесьць Васіля Быкава “Афганец”.
Жорсткія пакараньні “сядзельцы” ізалятара на вуліцы імя загіблага міліцыянта Барысенкі зьвязваюць з жаданьнем уладаў прынізіць і пакараць іх. Пра гэта, як распавядае Сьвятаслаў Шапавалаў, ім нагадвалі нават супрацоўнікі ізалятара:
“Наглядчыкі ізалятара — яны разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Адзін мне казаў: вас жмуць таму, што ён хоча — хто хоча, не ўдакладняў, бо гэта й так зразумела, — каб вы сталі на калені, як жабракі. Але вы людзі свабодныя, таму вас і ламаюць”.
Вас жмуць таму, што ён хоча, каб вы сталі на калені, як жабракі
Дык ці варта было ісьці на такі зьдзек і прыніжэньні? Пра гэта гутарым з удзельніцай экскурсіі спадарыняй Ларысай:
“Розгалас быў пэўны, бо потым да мяне падыходзілі людзі і пыталіся, што гэта была за акцыя й чаму прысьвечаная. Бачылі яе! Можа, крыху іншы фармат трэба было зрабіць гэтай экскурсіі. Улада баіцца любой ініцыятывы зьнізу і вельмі жорстка гэта карае. І ня толькі палітычныя акцыі цяпер пад забаронай, але й любыя культурніцкія”.
Сёньня ўвечары на волю з ізалятара павінен выйсьці ўрач-псыхіятар Сяргей Трыфанаў. Да 8 траўня за кратамі будзе знаходзіцца былы капітан міліцыі Ўладзімер Няпомняшчых, пакараны Навабеліцкім судом за ўдзел у гістарычнай экскурсіі арыштам на 15 сутак.