За закон аднагалосна прагаласавалі 96 дэпутатаў Сейму, паведамляе LRT. У гэтым цэнтры беларусам будуць даваць інфармацыю аб працы і каштоўнасьцях Рады Эўропы (РЭ), а таксама аб захадах у Літве для падтрыманьня грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
«Беларусь ня сябра Рады Эўропы, Рада ня мае прадстаўніцтва ці кантактнага бюро ў Беларусі, а ранейшая супраца была спынена праз удзел гэтай краіны ў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Аднак Камітэт міністраў РЭ, зважаючы на ролю Рады ў падтрыманьні правоў чалавека, дэмакратыі і павагі да прынцыпаў праўнай дзяржавы ў Эўропе, імкнецца падтрымліваць і ўмацоўваць адносіны зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю і з гэтай мэтай стварыць інфармацыйны пункт у Вільні», — заявілі аўтары ініцыятывы.
У лістападзе летась пагадненьне падпісалі тагачасны міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс і намесьнік Генэральнага сакратара Рады Эўропы Б’ёрн Бэрге.
Міністэрства замежных справаў Літвы прапануе разьмясьціць цэнтар у Нацыянальнай бібліятэцы, вызваліўшы яго ад арэнднай платы. Рада Эўропы абавязуецца пакрываць расходы на абсталяваньне і абслугоўваньне памяшканьняў, пэрсанал і ўсе іншыя выдаткі, зьвязаныя зь яго дзейнасьцю.
Што такое Рада Эўропы і ПАРЭ
- Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
- Беларусь у 1993 годзе падала заяўку на далучэньне да Рады Эўропы, і Вярхоўны Савет Беларусі ў 1992 годзе атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, які страціў пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году.
- Беларусь так і не ратыфікавала Канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў Рады Эўропы, аднак Беларусь фармальна дагэтуль лічыцца кандыдатам на ўступленьне, а Рада Эўропы робіць шэраг захадаў для наладжваньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю.
- Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы, кансультацыйны орган з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаваў-сяброў.
- ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкай супрацы, заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюць дэпутаты.
- Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990-х гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
Форум