20 лістапада Літва адкрыла два памежныя пераходы, закрытыя 29 кастрычніка.
Прычынай закрыцьця стала масавае выкарыстаньне кантрабандыстамі паветраных шароў з кантрабандай, якія прыляталі з боку Беларусі.
Людзі, якія жывуць на дзьве краіны і маюць нерухомасьць у Літве, выказалі радасьць з нагоды адкрыцьця, бо апошнім часам перасоўвацца было вельмі складана. Адзін з апытаных падкрэсьліў, што «народ жа ні пры чым».
На пытаньне аб тым, хто вінаваты ў закрыцьці межаў, людзі выказвалі розныя меркаваньні.
Адзін з падарожнікаў сказаў, што гэта, верагодна, была «нейкая ўказка», па якой дзейнічаў літоўскі ўрад. Што закрыцьцё шкодзіць ня толькі Літве і Беларусі, але і простым людзям. Іншыя не захацелі адказваць, спасылаючыся на тое, што яны «не палітыкі».
Падарожнікі лічаць, што з суседзямі трэба сябраваць, а не канфліктаваць, і што трэба дамаўляцца. Людзі адзначалі, што заўсёды жылі ў міры, працавалі разам і мелі шмат кантактаў зь літоўцамі.
Паводле літоўскага ўраду, абмежаваньні на мяжы зьнялі пасьля таго, як зьнікла рызыка ад балёнаў з кантрабандай — іх колькасьць значна зьменшылася.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
- Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
- А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
- Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
- Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
- Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
- Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
- Пераходы Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) зноў адкрыліся 20 лістапада.
Форум