Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша плошча і салідарнасьць — наперадзе”


Актывісты прадпрымальніцкага руху падсумоўваюць вынікі ўчорашняй акцыі. Многія лічаць, што хваля пратэсту не пайшла на спад.


Да ўказу № 760, які забараняе індывідуальным прадпрымальнікам наймаць на працу несваякоў, дадаўся ўказ № 533, у адпаведнасьці зь якім яны павінны больш плаціць за арэнду гандлёвых плошчаў.

Лідэр прадпрымальніцкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка лічыць, што трэцяя акцыя прадпрымальнікаў не адбылася ў заплянаваным арганізатарамі маштабе з прычыны недастатковай падрыхтоўкі:

Акцыі ня робяцца заявамі ў інтэрнэце.
“Думаць пра тое, што хваля прадпрымальніцкіх пратэстаў сышла ці прадпрымальнікаў усё задавальняе, памылкова. Паводле апошняй акцыі меркаваць нельга. Тое, што ўчора адбылося, сьведчыць пра тое, што зь людзьмі трэба працаваць, іх трэба інфармаваць. Акцыі ня робяцца заявамі ў інтэрнэце. Не прыніжаючы годнасьці тых, хто быў учора на плошчы, хочацца, каб такіх акцыяў больш не было. Перад прадпрымальніцкай супольнасьцю стаіць задача — пісьменна, цывілізавана, у адпаведнасьці з дзейным заканадаўствам выказаць свой пратэст”.

Нагадаем: 18 лютага спэцназаўцы выціскалі з Кастрычніцкай плошчы невялікія групы людзей, якія ішлі сюды для ўдзелу ў мітынгу прадпрымальнікаў. Мітынг ладзіўся на знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да дробнага бізнэсу.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў лічыць, што акцыя была добра падрыхтаваная, але не адбылася з прычыны таго, што ўлады ўжылі новую тактыку.

Наша плошча яшчэ наперадзе
“Грубай фізычнай сілы мы амаль што не назіралі. З другога боку, прадпрымальнікам не далі выйсьці на плошчу. У маральным сэнсе было больш людзей, чым 10 студзеня, гатовых выйсьці на плошчу з намётамі. Большасьць прадпрымальнікаў, вядома, цяжка падняць нават на абарону сваіх эканамічных інтарэсаў. Сэнс акцыяў 10-га, 21-га, 18-га – спрыяць згуртаваньню і салідарнасьці. Наша плошча яшчэ наперадзе, нашы намёты наперадзе і наша салідарнасьць наперадзе”.

На судзе над Віктарам Крывалем быў агучаны пісьмовы загад, які атрымалі супрацоўнікі падразьдзяленьняў абласной міліцыі. Паводле аднаго зь ягоных пунктаў, супрацоўнікі ДАІ павінны спыняць падазроныя машыны, каб не дапусьціць масавага прыезду ў Менск “дэструктыўных элемэнтаў”.

Вячаслаў Сіўчык выказаў сваю думку:

“Вядома, хваля пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў спадала, але ж каб не такія антызаконныя дзеяньні сілавых структур, то думаю, што ўчора дастаткова шмат людзей сабралася б на плошчы, калі б яна была адкрытай”.

Старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч быў на плошчы 18 лютага. Ён не аднойчы арганізоўваў вулічныя акцыі і браў у іх удзел:

Вельмі шмат лідэраў, але няма каардынацыі паміж імі
“Добрая арганізацыя ўключае ня толькі інфармацыю, але й утварэньне матывацыі. Прадпрымальнікі — народ прагматычны. Яны проста так на плошчу хадзіць ня будуць. Нельга перамагчы, значыць — трэба выжываць, выкручвацца, думаць, як падмануць гэтую сыстэму. Адной з мэтаў магло быць тлумачэньне, што калі ня будзеце пратэставаць, то й надалей будуць душыць, і выжыць усё роўна не атрымаецца. Вельмі шмат лідэраў, але няма каардынацыі паміж імі”.

Вынік трох зімовых акцыяў прадпрымальнікаў — дзьве крымінальныя справы: адна паводле падзеяў 10 студзеня, другая — супраць Андрэя Кіма, затрыманага падчас разгону акцыі 21 студзеня.

Актывісты прадпрымальніцкага руху ўпэўненыя, што прадпрымальнікі, якія ўдзельнічалі ў вулічных акцыях, прыйдуць 25 сакавіка на ўсеагульную акцыю дэмакратычнай грамадзкасьці.

Любоў Лунёва, Менск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG