А 12 гадзіне журналістам, якія на плошчы сачылі за падзеямі, міліцыянты загадалі празь пяць хвілінаў сысьці. На думку міліцыянтаў, прэса “абазначала месца”. На плошчы зьявіліся актывісты кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Калей і Алесь Таўстыка, а таксама старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Спэцназаўцы ўтварылі ланцуг і выцесьнілі ўсіх з плошчы. Анатоль Лябедзька сказаў:
“Правам тут ня пахне. Аказваецца, “прыхватызацыя” ў нас пачалася. І прыватызуюць літаральна кавалкі тэрыторыі, на якіх людзі ня могуць знаходзіцца. Да мяне падышоў чалавек у форме палкоўніка, не прадстаўляецца, ён проста па-хамску выконвае загад, кажа: ”Вы павінны пакінуць. Я вас папярэдзіў. Калі не, то вы будзеце знаходзіцца там, дзе былі нядаўна”.
Віктар Калей заявіў, што прадпрымальнікі павінны пераходзіць ад эканамічных патрабаваньняў да палітычных:
“Выходзіць на палітычную плятформу, бо ўжо чыста эканамічныя патрабаваньні не прыносяць ніякага выніку. Прадпрымальнікам трэба, як і ўсім грамадзянам краіны, якія хочуць нейкіх пераменаў у сваім жыцьці, аб’ядноўвацца і ісьці адзінай калёнай”.
Каля Палацу рэспублікі і на пляцы Волі стаялі каля 20 аўтобусаў і машын зь міліцыянтамі, некалькі аўтазакаў падагналі да ўваходу ў палац. Спэцназаўцы не давалі лідэрам вярнуцца на плошчу. Старшыня кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў заявіў:
“Падрыхтаваліся добра супрацоўнікі спэцслужбаў. Акупавалі ўсю плошчу. Калі б нас ня выгналі, сабралася б каля паўтары-дзьвюх тысячаў, бо многа людзей сабралася вакол плошчы, у крамах стаяць, чакаюць, калі нехта пачне, пабойваюцца. Але ў зьвязку з тым, што нас, лідэраў, выштурхваюць, яны ня ведаюць, што рабіць далей. Улада паказала, што рыхтуецца да ўсяго, што мы робім”.
Лідэры прадпрымальніцкага руху вырашылі пайсьці на Камуністычную, 6, каб перадаць пэтыцыю кіраўніцтву тэлеканала ОНТ. Пэтыцыя зьмяшчала патрабаваньне прамога эфіру для аповяду пра рэальнае становішча. Віктар Гарбачоў заявіў:
“Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі штодня ілгуць. Ва ўсіх газэтах прадпрымальнікаў абражаюць, зьневажаюць, не даюць праўдзівай інфармацыі”.
Аднак спэцназаўцы перагарадзілі дарогу невялікай калёне з 40 чалавек на рагу вуліцы Камуністычнай. Пасьля доўгіх перамоваў зь міліцыянтамі тыя прапусьціць прадпрымальнікаў да будынку ОНТ адмовіліся. Віктар Гарбачоў сказаў:
“Перамовы, якія цяпер вяліся з таварышамі наверсе, выніку не далі. Яны нас не пускаюць. Пакуль мы ішлі, яны ведалі, што мы пойдзем да тэлебачаньня. А тэлебачаньне падрыхтавана нас сустракаць для таго, каб нас арыштаваць альбо тут справакаваць нейкія сытуацыі. Праблемы нарастаюць як сьнежны ком, і калі чыноўнікі з намі ня сядуць за стол перамоваў, бліжэйшым часам гэтыя праблемы могуць захліснуць вуліцы”.
Спадар Гарбачоў заявіў, што патрабаваньні прадпрымальнікаў застаюцца ранейшыя: адмена ўказу № 760, падрыхтоўка закону аб малым бізнэсе, спыненьне рэпрэсіяў супраць актывістаў і прадстаўленьне тэлеэфіру.
Калі ўсе пачалі разыходзіцца, падбег невядомы і пачаў зрываць акрэдытацыйныя карткі ў журналістаў. Карэспандэнтка літоўскага тэлебачаньня Рута Рыбачаўскене-Лайкенінкайтэ сказала:
“Я стаяла, а ён напаў на мяне. Ведаеце, я перажыла гэта першы раз. Я працую ў Расеі, Чэхіі, Аўстрыі, Польшчы, у мяне гэта першы раз адбылося, каб нехта падышоў і груба адабраў акрэдытацыю”.
Міліцыянты адабралі ў невядомага карткі, але затрымліваць яго ня сталі.