Данцыг, ліпень 1922-га. ”Даражэнькі, шлю маё сардэчнае прывітаньне ўсім сябрам Грамады. Сёньня моцна помню наш дэвіз: змагаймася – зможам. Цалую ўсіх. Ваш Янка Чарапук. Параход ”Латвія” перад ад’ездам у Амэрыку”. Кінуўшы паштоўку ў скрыню, Ян Чарапук пайшоў да трапу. Гэта былі яго апошнія крокі на эўрапейскай зямлі.
...Яна зьявілася ўначы, як здань. Проста ніадкуль, бо што яна прайшла – жывая і некранутая – бальшавіцкія пазыцыі, паверыць было немагчыма. Аднак, пабачыўшы афіцыйныя паперы зь дзяржаўнай пячаткай, афіцэр перадавой каманды ўкраінскага войска адчуў, што гэтае дзяўчо – важная птушка, і загадаў з пашанай даставіць яе ў Камянец-Падольскі, у сядзібу ўраду.
Пачалася ўся гэтая гісторыя са студзеньскага вечара ў 1916 годзе. У віленскай кавярні «Чырвоны Штраль» бавіла вечар заўсёдная стракатая кампанія тутэйшых інтэлігентаў.