Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4. У віхурах манархічных змоваў



Бэрлін, люты 1920

Леанід Баркоў, кіраўнік беларускай місіі, ідучы адчыняць дзьверы спадзяваўся пабачыць што заўгодна. Месца, дзе было нанятае памяшканьне для місіі, рабілася ўсё больш неспакойным –навакольле пляцу Нолендорф і сама Моцштрасэ паступова ператвараліся ў галоўны асяродак бэрлінскага gay-жыцьця. Розныя дзівосныя пэрсанажы грукалі ў дзьверы ўдзень і ўначы з самымі нечаканымі просьбамі і прапановамі. Што заўгодна, але ня гэта.

На парозе стаялі два прывіды ў абадраных палітонах, даўнавата нямытыя і няголеныя, зь недарэчнымі хатулямі. Трэба было моцна напружыць уяўленьне, каб пазнаць у іх старшыню Рады БНР Пятра Крачэўскага і ягонага намесьніка Васіля Захарку.

Так лютаўскай раніцай скончыліся прыгоды, якія распачаліся ў сярэдзіне сьнежня ў акупаваным палякамі Менску. Пасьля бурлівых падзеяў 13 сьнежня, калі на паседжаньні Рады БНР адбыўся раскол, міжвольныя ініцыятары расколу і кіраўнікі непрымірымай антыпольскай часткі Рады Крачэўскі і Захарка здолелі надзейна схавацца і ня трапіць за краты, як гэта здарылася зь іх паплечнікамі. Некалькі тыдняў давялося пражыць у менскім падпольлі, не паказваючыся нікому на вочы і цалкам адыйшоўшы ад грамадзкага і палітычнага жыцьця. Урэшце, схаваўшыся пад чужымі імёнамі і чужымі дакумэнтамі, Крэчэўскі і Захарка ўцякаюць зь Менску і дабіраюцца да Бэрліну. Якія прыгоды ім давялося перажыць за тры тыдні дарогі – мы ўжо не даведаемся ніколі.

***

Пунктам прызначэньня Бэрлін быў абраны невыпадкова. Васіль Захарка правёў там амаль увесь папярэдні, 1919 год, і за гэты час навязаў нямала важных, хоць і даволі небясьпечных кантактаў. Імкненьне беларускіх палітыкаў заручыцца збройнай сілай для вызваленьня Беларусі ад чароднай акупацыі часам прыводзіла іх да вельмі рызыкоўных камбінацыяў. Так яшчэ ў 1919 годзе Захарка вёў перамовы з генэралам Васілём Біскупскім, блізкім паплечнікам будучай зоркі нямецкай палітыкі, маладога мастака Адольфа Гітлера. Дарэчы, падчас славутага піўнога путчу 1923 году ў Мюнхене менавіта Біскупскі будзе хаваць Гітлера ў сваёй кватэры. Увосень 1919-га беларускаму ўраду ў асобе Захаркі было запрапанавана прыняць на сваю службу 60 тысячаў вайскоўцаў расейска-нямецкага ляндсвэру, які тады дзейнічаў на тэрыторыі Латвіі. Што мог азначаць гэты “прыём на службу” і чым ён мог скончыцца – сёньня сказаць цяжка, аднак, нягледзячы на шчодрыя абяцаньні фінансавага пляну, Васіль Захарка не наважыўся на такі непрадказальны крок.

Такім чынам, у лютым 1920-га Захарка з Крачэўскім зноў у Бэрліне і зноў шукаюць выйсьця з палітычных і фінансавых тупікоў. І як на бяду якраз у гэтым часе ў Бэрліне патаемна ладзяцца пляны вялікай расейска-нямецкай манархічнай змовы, на чале якой стаіць той самы генэрал Біскупскі.

Пляны Біскупскага, выкладзеныя ім крыху пазьней у адмысловым мэмарандуме, выглядалі прыблізна так: супольнымі намаганьнямі Чырвонай арміі, украінскіх і беларускіх партызанаў зьліквідаваць Польшчу і аднавіць межы 1914 году. Наступны этап – паўстаньне чырвоных (насамрэч – белых) афіцэраў, увядзеньне ў Расеі ваеннай дыктатуры, зьнішчэньне камуністычнага рэжыму ва Ўкраіне сіламі партызанаў, у Беларусі – з дапамогай расейска-нямецкіх добраахвотнікаў, запрошаных беларускім урадам. Аднаўленьне ў Расеі, Нямеччыне і Вугоршчыне манархіяў, выцясьненьне рэспубліканскіх рэжымаў на тое месца, якое яны заслугоўваюць.

Як адзначыў у сваім мэмарандуме Біскупскі, “урад Беларусі знаходзіцца ў кантакце з найвышэйшым камандаваньнем Ваеннага Цэнтру”. Чынны ўдзел беларускіх палітыкаў у бэрлінскай змове пацьвярджаецца і зьместам сакрэтнага ліста нейкага палкоўніка Купчынскага камандуючаму дзейнай у Эстоніі Паўночна-Заходняй Арміяй генэралу графу Аляксею Палену. Ліст гэты невядома якім чынам трапіў у рукі кіраўніка беларускай дэлегацыі на Мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы Аўгена Ладнова.

Урэшце, яшчэ адно сьведчаньне ўдзелу беларускіх палітыкаў у вялікай змове - ліст нейкага “Залескага” (як выяўлена тым самым Ладновым – сябра прэзыдыюму Рады БНР Язэпа Мамонькі) сувязному манархістаў у Бэрліне расейскаму немцу доктару Гравэнгофу, дзе Мамонька-Залескі ўжывае адкрыты шантаж:

Скажэце немцам, калі яны зараз не дадуць нам неадкладнай фінансавай дапамогі, дык мы больш да іх зьвяртацца ня будзем і працу скіруем у другі бок. Давайце мне весткі, грошы патрэбныя тэрмінова, праца вялікая”.

Паралельна з закуліснай працай у Бэрліне ў красавіку 1920 году кіраўніцтва БНР адкрывае другі сакрэтны дыпляматычны фронт – Васіль Захарка ў Рэвэлі, а пасьля і ў Маскве пачынае перамовы з прадстаўнікамі бальшавікоў, пра што ў нас яшчэ будзе нагода пагаварыць асобна...

***

Аднак усім шырокім плянам разгалінаванай міжнароднай змовы так і не было наканавана збыцца. Масква дамагаецца значных посьпехаў на польскім фронце, аднак пасьля “Цуду над Віслай” вымушаная падпісаць з Польшчай мірнае пагадненьне. Неўзабаве Рыскі мір разьдзеліць Беларусь напалам. Паводле падпісанага ў ліпені 1920-га расейска-літоўскага пададненьня, тэрыторыя на паўночны захад ад Маладэчна перададзеная Літве. Ва Ўсходняй Эўропе ўсталёўваецца парадак, які спакойна праіснуе яшчэ два дзесяцігодзьдзі.

Мэмарандум Біскупскага і абодва кампраматныя лісты ў канцы 1920 году надрукавала на сваіх старонках праская эсэраўская газэта “Воля Россіи”, што выклікала ў беларускіх палітычных колах у розных эўрапейскіх сталіцах грамадзкі землятрус лякальнага маштабу.

Апошняя дзея ў гэтай блытанай гісторыі адбылася 3 кастрычніка 1921 году ў падчас беларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе. Адмысловая камісія прадстаўнікоў розных напрамкаў беларускай палітычнай думкі абмеркавала справу абвінавачаньня Ладновым Ураду БНР на чале з В.Ластоўскім у супрацоўніцтве зь нямецкімі й расейскімі манархістамі і пастанавіла:

Разгледзеўшы дакумэнтальныя дадзеныя ў вышэйпамянёнай справе (ліст палкоўніка Купчынскага графу Палену, дакумэнты аб манархічнай змове з генэралам Біскупскім на чале, ліст грамадзяніна Залеўскага да Гравэнгофа ды іншыя) і выслухаўшы інфармацыі ў гэтай справе грамадзянаў Ластоўскага, Мамонькі, Цьвікевіча і Зайца, а таксама разгледзеўшы дакумэнты, у якіх грамадзянін Ладноў абвінавачваецца ў зносінах з францускай контарвыведкай, — ВЫЯСЬНІЛІ:

1) Урад БНР на чале з граамдзянінам Ластоускім ні ў цэласьці, ні ў асобе каго-колечы зь сяброу сваіх да манархічнай змовы з генэралам Біскупскім на чале ніякага дачыненьня ня меў.

2) Асабісты і прыватны ліст грамадзяніна Мамонькі, падпісаны псэўдонімам «Залевскій» паводле свайго зьместу і тону зьяўляецца вартым суровага зганеньня, але факты там паказаныя зьяўляюцца проста ўсхваляючым сябе вымыслам і нічога ня маюць супольнага з тактыкай Ураду БНР.

3) Дзеля аб’ектыўнага расьследаваньня справы Ладнова, запрапанаваць яму грамадзкі суд
”.

Грамадзкі суд над Аўгенам Ладновым так ніколі і не адбыўся. Праз год ён падсумаваў дзесяцігодзьдзі сваёй гераічнай працы над выкрыцьцём сусьветнай тэўтонска-масонска-бальшавіцкай змовы ў аб’ёмістай манаграфіі пад загалоўкам “Агнём і мячом, голадам і хваробамі”, дзе паўтарыў усё тое самае, толькі на 356 старонках. У сярэдзіне 20-х гадоў ягоны сьлед губляецца, а разам зь ім губляецца і даставерная інфармацыя пра рэальны ўдзел беларускіх палітыкаў у сусьветных змовах, але...

...Але нядаўна ў сталіцы адной усходнеэўрапейскай дзяржавы быў знойдзены архіў беларускай дэлегацыі на Парыскай мірнай канфэрэнцыі. Тысячы старонак, сабраных і адсартаваных Ладновым. Таму сёньняшнюю гісторыю яшчэ рана лічыць закончанай.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG