Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкот. Блог Віталя Рымашэўскага

Sorry! No content for 6 верасень. See content from before

пятніца 31 жнівень 2012

Напады і выкраданьне палітыкаў у цэнтры Менску з наступнымі таемнымі судамі і адпраўкай на "Акрэсьціна", арышты адміністратараў байкотных груп, новы прысуд Зьмітру Дашкевічу, забарона на выступы кандыдатам, што агітуюць за байкот, – асноўныя падзеі беларускага жыцьця апошніх тыдняў.

Напад, выкраданьне, таемны суд і таемная адпраўка на Акрэсьціна адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага 28 жніўня – толькі адзін з эпізодаў беларускага палітычнага жыцьця.

Толькі хацелася б нагадаць вядомаму "судзьдзі" Фрунзенскага суду Дзьмітрыю Лукашэвічу, які даводзіў да гістэрыкі маладую жанчыну з грудным дзіцём на руках, нахабна ігнаруючы яе простае пытаньне: "Што сталася з маім мужам?", а таксама вядомаму кіраўніку РУУС Гайдукевічу і дзяжурным міліцыянтам у Фрунзенскім РАУС, што заява пра незаконнае выкраданьне і зьнікненьне Дзяніса застаецца ў сіле, што хлусьня і адмова выдаваць інфармацыю сваякам пра месца знаходжаньні тых, каго гвалтоўна ўтрымліваюць, таемныя суды і беспадстаўныя прысуды – злачынства.

Такім чынам, асноўны электарат, зь якім даводзілася кантактаваць актывістам кампаніі байкоту за апошні тыдзень, – прадстаўнікі сілавых структур, судзьдзі, сябры выбарчых камісій. Паводле некаторых палітолягаў – гэта менавіта тая частка беларускага грамадзтва, якая стане асновай для будучых палітычных зьменаў.

Пераважная большасьць зь іх – супраць Лукашэнкі. У прыватных размовах "супраць" выказваюцца «вэртыкальшчыкі» і сябры ўчастковых камісій, міліцыянты і судзьдзі, кіраўнікі прадпрыемстваў і дзяржаўныя службоўцы.

Яны ўсе – супраць. І пры гэтым, як па камандзе "фас", гатовыя зьбіваць, хапаць, "судзіць", рэпрэсаваць. Што прымушае іх выконваць гэтую каманду – тэма для развагаў псыхолягаў. Відавочна адно: гэтая сыстэма пачала вельмі нагадваць маскоўскую "апрычніну". Увесь гэты моцны "спэцназ" праявіў сваю здольнасьць толькі ў адным – у змаганьні з уласным бяззбройным народам. Пры першым жа моцным ворагу звонку краіны – Расея то будзе ці краіна Х, – пабягуць гэтыя абаронцы рэжыму, як некалі апрычнікі маскоўскіх тыранаў, як тараканы ў розныя бакі, кідаючы і зброю, і сваіх гаспадароў. Сёньня, відавочна, выконваюць загады яны толькі з прычыны ўласнай гніласьці, што дазваляе ламаць лёсы іншых людзей, і з прычыны ўласнага страху перад тым, хто аддае загады. Гэта сапраўдная дэградацыя дзяржавы і нацыі, дэзарыентацыя і разбурэньне нацыянальнай ідэі, што ня можа не прывесьці ў будучыні да зьнікненьня дзяржавы.

Супрацьдзеяньнем гэтаму працэсу магла б стаць кансалідацыя нацыі на глебе іншых каштоўнасьцяў, далучэньне да супольнай барацьбы супраць рэжыму.

Пасьля падзеяў апошніх тыдняў для ўсіх відавочна: байкот – адзінае, чаго баіцца ўлада. Ад прапанаванай некаторымі апазыцыянэрамі "гульні ў дэмакратыю" ўлада адмовілася. Зразумелым і лягічным было б далучэньне ўсіх апазыцыйных сілаў да кампаніі байкоту.

Але ўдзельнікі выбараў ад апазыцыі распрацавалі новую стратэгію. На іх думку, пасьля правалу ідэі будаўніцтва камунізму ў адной асобна ўзятай краіне актуальнай стала ідэя правядзеньня байкоту (https://blog.belaruspartisan.org:1443/politic/217892/)
у адной асобна ўзятай акрузе... :))

Напрыканцы прывяду адзін з апошніх перад арыштам допісаў Дзяніса Садоўскага ў Фэйсбуку і камэнтары пад ім.

Дзяніс Садоўскі (адказны сакратар БХД):

Я спадзяюся, што тыя, каго не зарэгістравалі (Мілінкевіч, Пашкевіч і іншыя), у знак пратэсту супраць свайго зьняцьця заклічуць людзей БАЙКАТАВАЦЬ "выбары"! Ці ўсё роўна будуць заклікаць прыходзіць на ўчасткі?



Юрый Меляшкевіч (прадстаўнік А. Мілінкевіча): Яны пойдуць у кампанію тых кандыдатаў, якія маюць шансы на перамогу і будуць пераконваць людзей падтрымліваць перамены. А з байкотам можна ісьці ў басэйн.

Tacciana Usinowicz: Юрый, ты хоць сам верыш у гэты брэд пра "кандыдатаў, якія маюць шансы на перамогу"?



Нагадваю яшчэ раз: усе тыя палітычныя дзеячы, што бяруць удзел у кампаніі і не заклікаюць грамадзян краіны да адмовы ад галасаваньня, – фактычна праводзяць кампанію мабілізацыі. Іх дзеяньні наўпрост пярэчаць мэтам байкоту. "Удзельнікі" дапамагаюць рэжыму мабілізаваць электарат на "выбары". Ня так істотна, ці будуць пасьля такія кандыдаты здымацца, частку працы ў дапамогу ўладам яны зробяць – забясьпечаць яўку.
Гэта хлусьня, што кампанія 2012 году праходзіць у такой жа атмасфэры і з такімі ж магчымасьцямі, як папярэднія прэзыдэнцкія і палатавыя «выбары». Насамрэч, умовы правядзеньня «выбараў» значна пагоршыліся. Варта заўважыць, што «адсеў» няўгодных кандыдатаў, у адрозьненьне ад папярэдніх часоў, пачаўся задоўга да правядзеньня кампаніі.

Некаторыя апазыцыянэры толькі пасьля іх асабістай нярэгістрацыі пачалі заўважаць, што «ўлада не ідзе на гульню ў дэмакратыю». Бачыце, якая нечаканасьць! Зьдзіўляе «курыная сьлепата» апазыцыянэраў-удзельнікаў і апазыцыйных СМІ, якія нібыта «не заўважылі», што адсеў найбольш небясьпечных кандыдатаў пачаўся задоўга да рэгістрацыі кандыдатаў на палатавыя крэслы. Севярынец і Дашкевіч, Статкевіч ды іншыя былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, многія сябры іх каманд пазбаўленыя нават магчымасьці вылучацца. Ці пры «гульнях у дэмакратыю» гэтая акалічнасьць не бралася ў разьлік?

З боку апазыцыі за апошнія месяцы шмат сказана пра фальсыфікацыі, пра адсутнасьць у Беларусі выбараў, прагучала шмат аргумэнтаў супраць удзелу ў галасаваньні.

Але 20 гадоў існаваньня рэжыму пераканаўча пацьвярджаюць яшчэ адзін тэзіс: ніхто ня можа так скампрамэтаваць дзейную ўладу, як самі ж прадстаўнікі гэтага рэжыму.

Для прыкладу, прывяду прамую выпіску з рашэньня акруговай выбарчай камісіі Шабаноўскай выбарчай акругі № 91.

«Праверыўшы адпаведнасьць парадку вылучэньня Казлоўскага Паўла Паўлавіча кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ... кіруючыся часткай сёмай артыкула 68 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, акруговая выбарчая камісія вырашыла: адмовіць Кавальковай Вользе Аляксандраўне ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты палаты прадстаўнікоў па Шабаноўскай выбарчай акрузе № 91».

У дадзеным выпадку, стары савецкі тэзіс «улада добрая, але асобныя недахопы на месцах маюцца» мог бы спрацаваць, калі б не другі дакумэнт, «створаны» гэтай жа камісіяй.

Другі «твор» беларускай выбарчай кампаніі — надрукаваныя бюлетэні для галасаваньня з прозьвішчамі кандыдатаў.

Да афіцыйнай адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам ад апазыцыі стосы надрукаваных бюлетэняў ужо знаходзіліся ў памяшканьні выбарчай камісіі. (Пры тым, што па законе, ёсьць 3 дні для абскарджаньня рашэньняў акруговых камісій!)

Якія б заявы цяпер не рабілі з гэтай нагоды Лазавік і Ярмошына, лічыць, што выбарчая камісія ў гэтай справе дзейнічала самастойна, было б проста сьмешным.

Ня трэба быць празорцам, каб вызначыць, што ў палату прадстаўнікоў ад 91-й акругі патрапіць Нехайчык Аксана Ўладзіміраўна, старшыня Завадзкой раённай арганізацыі аб'яднаньня «Белая Русь». Патрапіць гэтак жа непазьбежна і так жа «законна», як трапіла яе прозьвішча ў бюлетэнь для галасаваньня.

Дык зь якой нагоды «засмучаюцца» вылучэнцы ад апазыцыі, што меліся ісьці «да канца»? З той, што замест іх прозьвішча ў бюлетэнях засталіся прозьвішчы такіх, як Нехайчык? З той, што іх падманулі, ці з той, што яны дарэмна пераконвалі людзей, што ў Беларусі магчыма быць абраным, а не прызначаным?

Да 23 жніўня ўдзельнікі лямантавалі: «Толькі не крытыкуйце нас! Мы ж таксама апазыцыя. Мы ўсе за адно змагаемся!»

Зьвяртаюся зараз да ўсіх вылучэнцаў, што называюць сябе апазыцыянэрамі: хопіць рабіць мабілізацыю беларусаў на выбары! Перастаньце быць саўдзельнікамі ў спэктаклі рэжыму!

Далучайцеся да кампаніі байкоту!

А калі не, то не лямантуйце пасьля 23 верасьня аб тым, што з вамі не жадаюць супольна працаваць іншыя палітычныя арганізацыі, што актыўныя карыстальнікі інтэрнэту вас ня любяць, а беларускі народ не падтрымлівае.

Загрузіць яшчэ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG