Літоўскі доктар і палітык Эдуардас Вайткус удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году ў Літве. Ён набраў тады 7,3% галасоў. Гэта быў пяты вынік сярод васьмі кандыдатаў. Прычым у блізкіх да беларускай мяжы Салечніках і Вісагінасе за яго прагаласавала бальшыня тых, хто прыйшоў на выбары.
Раней у тым жа годзе Вайткус ачоліў сьпіс Літоўскай народнай партыі на парлямэнцкіх выбарах, але партыя не пераадолела выбарчага бар’еру, набраўшы 2,6%.
Выданьне LRT ў анонсе леташняга перадвыбарчага інтэрвію характарызавала яго гэтак:
- Эдуардас Вайткус не давярае судам, бо адзін судзьдзя сказаў яму жахлівую фразу.
- Ён не давярае фінансавым інстытутам, бо страціў шмат грошай падчас фінансавага крызісу.
- Ён баіцца разбурэньня сьвету, бо глябалісты, якія ім кіруюць, вядуць усё ў прорву, а Захад нібыта справакаваў Расею напасьці на Ўкраіну.
У 2023 годзе Эдуардас Вайткус заявіў у інтэрвію Elta, што «высылка зь Літвы беларускай жанчыны, якая заявіла пра намер сілай зрынуць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, стала б знакам добрасуседзтва і дэманстрацыяй канца палітыкі ўмяшаньня».
Там жа ён заклікаў тэрмінова скасаваць закон, які забараняе купляць электраэнэргію ў Беларусі.
Што Вайткус сказаў у Беларусі
Падчас сустрэчы з старшынём партыі «Белая Русь» Эдуардас Вайткус раскрытыкаваў улады Літвы, якія, на ягоную думку, вядуць краіну «шляхам зьнішчэньня і літоўцаў, і дзяржаўнасьці».
Ён заявіў, што на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах быў адзіным кандыдатам, які выступаў супраць вайны з Расеяй.
На думку Вайткуса, улады Літвы дазваляюць сабе грубыя ўмяшаньні ў справы беларускай дзяржавы, што цалкам недапушчальна, перадае БЕЛТА.
Год таму выказваньні Эдуардаса Вайткуса правяраў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы і прыйшоў да высновы, што яны не пагражаюць нацыянальнай бясьпецы, паведамляў Delfi.
«Усё ж мы дэмакратычная дзяржава, і свабода слова гарантаваная ўсім людзям», — заявіў тады старшыня парлямэнцкага камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны.
Форум