Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкот. Блог Віталя Рымашэўскага

Sorry! No content for 22 жнівень. See content from before

пятніца 17 жнівень 2012

 Кропкі над “і”

Апошнім часам з асяродзьдзя беларускіх апазыцыянэраў-удзельнікаў чуецца ўсё болей выказваньняў аб тым, што і іх дзеяньні не пярэчаць стратэгіі байкоту. Маўляў, “мы ж таксама, магчыма, здымаемся”.

Па вызначэньні, байкот выбараў — адмова ад галасаваньня на выбарах. Cуправаджаецца агітацыяй на карысьць байкоту, заклікам да выбаршчыкаў ня ўдзельнічаць у галасаваньні.

Усе тыя палітычныя дзеячы, што бяруць удзел у кампаніі і не заклікаюць грамадзян краіны да адмовы ад галасаваньня, — фактычна праводзяць кампанію мабілізацыі. Іх дзеяньні наўпрост пярэчаць мэтам байкоту. “Удзельнікі” дапамагаюць рэжыму мабілізаваць электарат на “выбары”. Ня так істотна, ці будуць пасьля такія кандыдаты здымацца, частку працы ў дапамогу ўладам яны зробяць — забясьпечаць яўку. Мяркуючы па колькасьці апазыцыянэраў, што ўключылі ў выбарчыя камісіі, з “падлікам” галасоў Ярмошына пакуль справіцца сама.

Асноўны аргумэнт “удзельнікаў”: “ мы працуем з выбаршчыкамі, новымі электаральнымі групамі, нашая мэта — падтрымка насельніцтва нашых кандыдатур і праграм”. Варта нагадаць, што мэта любой палітычнай сілы — ня проста дасягненьне электаральнай падтрымкі, а прыход да ўлады. Падтрымка большасьці насельніцтва — толькі прамежкавая задача дзеля дасягненьня гэтай мэты. Бо, як вядома, электаральную падтрымку можна выкарыстоўваць з рознымі мэтамі, у тым ліку з мэтай захаваньня кіроўнага рэжыму (па прыкладзе расейскага “апазыцыянэра” Жырыноўскага і інш.).



За апошнія некалькі год для многіх дэмакратычных арганізацый зьявілася новая мэтавая група — улада. Ад лабізму інтарэсаў гэтай мэтавай групы на Захадзе да прадстаўленьня яе інтарэсаў у Беларусі. Гэта выбар асобных апазыцыйных палітыкаў і асобных апазыцыйных арганізацый. Сапраўды, кожная палітычная сіла абірае сваю мэтавую групу, інтарэсы якой імкнецца прадстаўляць, прыхільнасьць якой імкнецца заваяваць. Права кожнага палітыка і кожнай палітычнай арганізацыі рабіць свой выбар. Але пры гэтым трэба памятаць, што адначасова атрымаць падтрымку некаторых мэтавых груп немагчыма. Немагчыма адначасова прадстаўляць інтарэсы ўлады і інтарэсы тых грамадзянаў, якія выступаюць супраць дзейнай улады. У гэтай выбарчай кампаніі патрэбы ўлады відавочныя — даказаць, што выбары ў Беларусі ёсьць, што ў парлямэнт можна абрацца, дамагчыся хаця б частковага прызнаньня Палаты прадстаўнікоў.

Абслугоўваць гэтыя патрэбы ўлады ці не — менавіта гэта ёсьць сутнасным падзелам палітычных сіл у Беларусі.

У чэрвені 2012 году толькі дзьве арганізацыі з кааліцыі “шасьці” заявілі аб тым, што выбары можна лічыць несвабоднымі і недэмакратычнымі. Верасень 2012 канчаткова зробіць відавочным, які шлях абрала тая ці іншая апазыцыйная арганізацыя.
На гэтым тыдні пачаліся міліцэйскія рэйды па ўдзельніках байкотных пікетаў.

Асноўная і адзіная (!) пакуль прэтэнзія міліцыі – збор подпісаў у падтрымку палітвязьняў. Аказалася, што гэта больш раздражняе ўлады, чым агітацыя за байкот. І нездарма, бо менчукі актыўна ставілі подпісы ў падтрымку, цікавіліся лёсам вязьняў. Тыя, хто паставіў подпіс, відавочна падзяляліся на дзьве прыкладна аднолькавыя па колькасьці групы – першыя ня ведалі пра вязьняў амаль нічога, другія адразу ставілі подпіс і ім ня трэба было нічога тлумачыць, бо самі ўсё ведалі.

Не сакрэт, што колькасьць дэмакратычных актывістаў у Беларусі ня вельмі вялікая, якасьць працы дэмакратычнай супольнасьці з насельніцтвам пакідае жадаць лепшага.

Адкуль жа тады такая дасьведчанасьць і заангажаванасьць менчукоў? (Варта нагадаць, НЭСЭПД зафіксаваў лічбу – каля 20% насельніцтва залічваюць сябе да апазыцыі дзейнай уладзе.)

У размовах з падпісантамі вырашыў запытвацца, адкуль яны ведаюць пра палітычнае жыцьцё. Звычайны адказ – з інтэрнэту. Найчасьцей за ўсё даводзілася чуць назву сайта «Хартыя-97». Прывяду найбольш яскравы прыклад.

Пікет каля буйной менскай будаўнічай крамы. Маладая пара падышла да пікету паставіць подпіс. Пачынаю распавядаць пра палітвязьняў – кажуць: «Мы самі ўсё ведаем, безумоўна, падтрымаем». Пры размове высьвятляецца, што ведаюць ня толькі кандыдатаў на прэзыдэнта 2010 году, але і Андрэя Клімава, іншых палітыкаў. Пры гэтым, мяркуючы па новым «Вольва», на якім да крамы пад’ехала гэтая пара, – відавочна не апазыцыйныя актывісты. Але ўсё ж вырашыў удакладніць. Пытаюся: «Вы такія дасьведчаныя, бо сябры якой-небудзь апазыцыйнай арганізацыі?» – «Не. Мы чытаем інтэрнэт, былі на Плошчы ў 2010-м. Цудам ня трапілі ў аўтазак. Мы пра ўсё ведаем, бо чытаем «Хартыю-97»…

У сучасных беларускіх умовах інтэрнэт – ня толькі асноўная крыніца незалежнай інфармацыі. Інтэрнэт-актыўнасьць – адна зь нямногіх магчымых формаў для яднаньня людзей, арганізацыі супольных дзеяньняў, запачаткаваньня грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Відавочна: гэтая супольнасьць дасьць новы моцны імпульс дэмакратычным пераўтварэньням у Беларусі. З гэтай супольнасьці вырастае новы беларускі дэмакратычны рух.

Паміж гэтымі людзьмі і старой палітычнай і грамадзкай дэмсупольнасьцю ёсьць адно істотнае, прынцыповае адрозьненьне: гэтыя людзі не залежаць ня толькі ад уладаў, але таксама ад заходніх донараў. Яны ня стануць рабіць тое і тое падчас кампаніі толькі таму, што такія ўмовы выстаўляюць фундатары. І гэта сапраўдны працяг беларускай незалежнай палітыкі. Нездарма старыя дэмакратычныя арганізацыі і іх лідэры ўсё больш нэрвова рэагуюць на беларускую інтэрнэт-супольнасьць. Відаць, старое падсьвядомае ўспрымае ўсё новае як непажаданага канкурэнта...

Сацыёлягі рэгулярна дасьледуюць рэйтынгі палітыкаў. Цікава было б правесьці аналягічнае сацыялягічнае дасьледаваньне на тэму: «Якім СМІ найбольш давяраюць беларусы?» Пасьля сустрэч зь менчукамі – для мяне адказ на гэтае пытаньне відавочны.

Загрузіць яшчэ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG