Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская дасьледчыца: «Магчыма, Францыск Скарына — не першадрукар»


Апублікаваныя зьвесткі пра беларускі першадрук, які нібыта выйшаў раней за «Псалтыр» Скарыны.

Украінская дасьледчыца старадрукаў Сьвятлана Кагамлык лічыць, што першая беларуская друкаваная кніга зьявілася ў 1504 годзе — на 13 гадоў раней, чым Францішак Скарына ў Празе выпусьціў «Псалтыр».

«У архівах Кіева-Пячэрскай лаўры знойдзеныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што ў 1504 годзе быў выдадзены магілёўскі старадрук. Гэтая інфармацыя ўтрымліваецца ў пераліку друкаваных кніг 18 стагодзьдзя. Гэта толькі пералік, рэестар, але ня сам старадрук. Самой кнігі, якая называецца „Апостал“ і была надрукаваная ў 1504 годзе ў Магілёве, пакуль ніхто не знайшоў. Але запіс пра яе — гэта факт», — сказала Сьвятлана Кагамлык у інтэрвію Радыё Свабода.

Кандыдат гістарычных навук Сьвятлана Кагамлык патлумачыла, што выкарыстала згадку пра выдадзеную ў Магілёве ў 1504 годзе кнігу яшчэ ў сваёй манаграфіі «Світло духовності і культури», якая выйшла ў 2005 годзе. А перадала сканы дакумэнтаў у музэй гісторыі Магілёва толькі селёта, калі брала ўдзел у навуковай канфэрэнцыі ў Беларусі:

«Я працавала ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Ўкраіны. Мне было даручана працаваць з кніжным фондам Кіева-Пячэрскай лаўры. Таму я вельмі добра ведаю гэты фонд, трымала ў руках усе вопісы і большую частку дакумэнтаў. Тэмай маёй кандыдацкай дысэртацыі была культурна-асьветніцкая дзейнасьць Кіева-Пячэрскай лаўры другой паловы 17–18 стагодзьдзяў. Вось дасьледуючы матэрыялы, зьвязаныя з кнігадрукаваньнем Кіева-Пячэрскай лаўры, я знайшла рэестар, дзе згадваецца магілёўскі „Апостал“ 1504 году».

«Апостал» — гэта клясычная богаслужэбная кніга, якая выкарыстоўвалася ў царкоўнай практыцы. Такія кнігі, як «Служэбнік», «Псалтыр,» «Апостал», «Эвангельле», былі самыя папулярныя, таму яны і друкаваліся першымі. Сьвятлана Кагамлык упэўненая: «Апостал» 1506 году выйшаў на царкоўнаславянскай мове.

Цікава, што запіс пра беларускі старадрук у рэестры 18 стагодзьдзя ўжо ўражваў дасьледчыка — пра гэта сьведчыць слова «ого!», напісанае гадоў сто таму насупраць запісу пра «Апостал»:

Сьвятлана Кагамлык
Сьвятлана Кагамлык

«Шанец знайсьці сам старадрук вельмі невялікі, таму што было вельмі шмат пажараў — зьніклі і ўкраінскія, і беларускія кнігі. Таму і пытаньне пачатку кнігадрукаваньня, напрыклад, у Кіева-Пячэрскай лаўры застаецца адкрытым — ня знойдзеныя арыгіналы тых кніг, якія сьведчаць пра тое, што кнігадрукаваньне ва Ўкраіне пачалася значна раней, чым у 1616 годзе, як тое прынята лічыць. Ёсьць згадкі ў шматлікіх архіўных справах, што гэта магло адбыцца ў 1606-м, у 1614-м. Абапіраючыся на архіўныя зьвесткі, я ў сваёй манаграфіі сьцьвярджаю, што гэта цалкам мог быць 1606 год. Але пакуль сама кніга ня знойдзена, то доказу няма.

Такая самая сытуацыя можа быць і зь беларускім „Апосталам“. Сама згадка вельмі цікавая. У рэестры, які я знайшла, у радку насупраць запісу пра „Апостал“ нават ёсьць паметка. Відаць, нехта працаваў з гэтым рэестрам сто ці больш год таму, падкрэсьліў гэты радок і на палях напісаў выклічнік „ого!“. Значыць, той, хто раней знаходзіў гэтую інфармацыю, таксама быў зьдзіўлены», — кажа дасьледчыца, дадаючы, што ў асяродзьдзі кнігазнаўцаў прынята гэтак: толькі калі ўжо знойдзены арыгінал кнігі, можна казаць пра новую дату пачатку кнігадрукаваньня.

Кіева-Пячэрская лаўра
Кіева-Пячэрская лаўра

Пакуль ня знойдзена іншых доказаў існаваньня магілёўскага «Апостала» 1506 году, Сьвятлана Кагамлык раіць беларусам ня ставіць пад сумнеў статус Францішка Скарыны як першадрукара і перапісваць падручнікі па гісторыі:

«Па-першае, у 1506 годзе выдаць „Апостала“ мог і сам Скарына — нельга адкідаць гэтую вэрсію. Па-другое, пакуль няма арыгіналу гэтага старадруку, да гэтай знаходкі трэба ставіцца як да навуковага дапушчэньня. Гіпотэз тут можа быць шмат».

На 99,9 працэнта — гэта памылка таго пісца, які складаў рэестар

Гісторык і дасьледчык гісторыі кнігадрукаваньня Мікола Нікалаеў, які працуе ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы Санкт-Пецярбурга, згодны з тым, што пакуль факт, зафіксаваны ў рэестры Кіева-Пячэрскай лаўры, можа разглядацца выключна як недаказаная гіпотэза:

«Цалкам нічога нельга выключаць, але на 99,9 працэнта — гэта памылка таго пісца, які складаў рэестар. Пры напісаньні лічбаў мы заўсёды можам зрабіць lapsus calami, памылку пяра, апіску. Хоць у 1504 годзе кнігадрукаваньне ўжо было ў Эўропе, трэба разумець, што гэтая справа тэхналягічна складаная і вымагае добра разьвітай інфраструктуры — выпуску паперы, ювэлірнай вытворчасьці для вырабу шрыфтоў, вырабу гравюраў. Усяго гэтага ў Беларусі не было, нават у такім вялікім горадзе, як Магілёў. Што тычыцца гэтай згадкі, то яна будзе прынята да ведама навуковым асяродзьдзем. Але трэба аналізаваць, ці не падроблены сам гэты рэестар, пасьля высьвятляць, ці не памыліўся пісец, а затым — шукаць пацьверджаньне ў іншых дакумэнтах ці арыгінал тэксту. Пакуль мы маем толькі адзінкавы факт, які, па сутнасьці, ні пра што не гаворыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG