Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка памілаваў двух каталіцкіх сьвятароў


Іньяцыё Чэфалья, Генрых Акалатовіч, Анджэй Юхневіч, Юзаф Станеўскі
Іньяцыё Чэфалья, Генрых Акалатовіч, Анджэй Юхневіч, Юзаф Станеўскі

Гэта зьняволеныя з палітычных прычынаў сьвятары Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў калёніі, і Анджэй Юхневіч, асуджаны на 13 гадоў калёніі.

Пра іх вызваленьне паведаміў сайт афіцыйны сайт каталіцкай царквы Catholic.by з спасылкай на прэсавую службу Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

Дзяржаўнае агенцтва БелТА ў сваім паведамленьні адзначыла, што два сьвятары, якія «ўчынілі цяжкія злачынствы супраць дзяржавы», былі «вызваленыя на падставе памілаваньня Лукашэнкі».

Канфэрэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падзякавала тым, хто спрычыніўся да вызваленьня:

• кардыналу Кляўдыё Гуджэроцьці,

• апостальскаму нунцыю ў Беларусі Іньяцыё Чэфалья,

• старшыні Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму.

Адзначана таксама, што рашэньне было прынята Аляксандрам Лукашэнкам «у знак міласэрнасці і павагі да Папы Рымскага».

Пра затрыманага 4 верасьня манаха з Польшчы Гжэгажа Гавэла, якога вінавацяць у «шпіянажы», згадкі ў паведамленьнях няма.

Хто такі Генрых Акалатовіч

Затрымалі сьвятара Генрыха Акалатовіча 16 лістапада 2023 году. Сёлета 8 красавіка Генрых Акалатовіч адзначаў у зьняволеньні 65 гадоў.

Акалатовіча асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня паводле 356 артыкулу КК аб «здрадзе дзяржаве». Віны сьвятар не прызнаў. Падчас сьледзтва палітвязень змог паведаміць на волю, што яго абвінавацілі ў здрадзе на карысьць Ватыкану і Польшчы, а пра справу сказаў, што «там няма ані слова праўды». Таксама ксёндз падкрэсьліў, што зь дзясяткаў сьведкаў, сярод якіх ёсьць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто ня даў супраць яго «выкрывальных паказаньняў».

Вернікі прыходу Генрыха Акалатовіч зьбіралі подпісы ў ягоную падтрымку.

Пра тое, што адбывалася з Генрыхам Акалатовічам у вязьніцах нядаўна распавёў былы палітвязень Андрэй Крылоў, які быў з Акалатовічам у адной калёніі — у Бабруйскай ПК № 2.

Паводле Крылова, сьвятар расказваў яму пра абставіны свайго затрыманьня. Паводле гэтага расповеду КДБ падманам выманіла Генрыха Акалатовіча на могілкі, каб ніхто ня ўбачыў, як праходзіць затрыманьне. Таксама, паводле таго слоў, Генрых Акаталовіч распавядаў Крылову, што падчас сьледзтва сьвятару прапаноўвалі свабоду ў абмен на ўдзел у правакацыі супраць апостальскага нунцыя Ватыкана ў Беларусі.

Пра ўмовы, у якіх адбываў пакараньне сьвятар Акалатовіч, былы палітвязень Крылоў казаў гэтак: «Яго ніхто моцна ня гнобіць з боку супрацоўнікаў».

Андрэй Крылоў згадаў выпадак, які адбыўся з ксяндзом у бабруйскай калёніі:

«Да яго там яшчэ адзін падыходзіў, служачы МУС, і казаў: я ж памятаю, калі я быў малады, вы мяне вянчалі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG