Як паведамляе літоўскае выданьне Delfi, урад Літвы вырашыў, што страты грузавых перавозчыкаў — гэта іх рызыка, а не адказнасьць дзяржавы. У прыватнасьці міністар камунікацый і транспарту Літвы Юрас Тамінскас заявіў, што фуры перавозчыкаў, якія былі заблякаваныя ў Беларусі, — гэта адказнасьць ня літоўскага ўраду, а Аляксандра Лукашэнкі.
Па словах міністра, перавозчыкі, якія едуць у гэтую Беларусь, павінны ацэньваць усе магчымыя рызыкі.
Таму, паводле слоў міністра яны не павінны патрабаваць кампэнсацыі страт ад дзяржавы, — паведамляе Delfi.
«Што датычыцца кампэнсацыі стратаў, то гэта не ацэньваецца і не разглядаецца. Гэта ня мы іх не ўпускаем, гэта беларускі рэжым іх не выпускаў. Калі вы робіце бізнэс на ўсходзе — у рэшце рэшт, вайна пачалася ня ўчора, і Беларусь не з учарашняга дня ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны, падтрымліваючы Расею. Калі вы адпраўляецеся ў дзяржаву-агрэсара, вы павінны ўлічваць усе рызыкі»,— заявіў Тамінскас.
«Відавочна, што яны ўсё роўна езьдзілі, езьдзяць і будуць езьдзіць. Гэта не зьменіць іх меркаваньня і іх паводзін. Калі яны публічна заяўляюць, што будуць ажыцьцяўляць дзейнасьць на ўсходнім напрамку, то навошта патрабаваць ад дзяржавы пакрыцьця панесеных страт», — падкрэсьліў ён.
Перавозчыкі сьцьвярджаюць, што не гандлююць з Расеяй і Беларусьсю, а езьдзяць у Цэнтральную Азію, але міністар кажа на гэта, што «падобныя апраўданьні падаюцца яму несур’ёзнымі».
Як паведамляе літоўскае выданьне Delfi, пасьля таго як апоўначы Літва адкрыла пункты пропуску на мяжы з Беларусьсю, «значных транспартных патокаў пакуль не зафіксавана».
«У параўнаньні з пэрыядамі, калі пункты працавалі на поўную магутнасьць, патокі невялікія, але гэта зразумела, бо гэта толькі пачатак. Да таго ж была ноч, руху няма. Патокі мінімальныя, але павінны павялічыцца ў сьветлы час сутак і ў іншыя дні», – сказаў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс.
Вядома, што ноччу 20 лістапада ніводная літоўская фура не праехала праз пункты пропуску, паведамляе выданьне.
- Урад Літвы прыняў рашэньне закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц, да 30 лістапада, зь некаторымі выняткамі.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, фураў больш за 1100.
- 17 лістапада два памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю адкрыла Польшча.
- Тэхнічныя перамовы аб вяртаньні літоўскіх грузавікоў зь Беларусі прайшлі 18 лістапада.
- 20 лістапада Літва адкрыла два раней закрытыя пераходы на мяжы зь Беларуссьсю.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
- Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
- А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
- Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
- Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
- Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
- Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
- Пераходы Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) зноў адкрыліся 20 лістапада.
Форум