У сьвет вочы (ісьці/пайсьці, ехаць/паехаць):
- 'У невядомым кірунку, невядома куды'
- 'Не разьбіраючы дарогі, абы-куды'
Хто сьмялейшы, тыя ад беднасьці кідаліся ў сьвет вочы — вэрбаваліся ў Аргентыну, у Парагвай. (Янка Брыль)
Як зрабілася такое няшчасьце, то ўсё збрыдала, гатова была ісьці ў сьвет вочы. (Карэліцкі р-н, запісаў Фёдар Янкоўскі)
Уладзімер Арлоў піша пра Івана Жахлівага, які шантажаваў царапаклонны расейскі народ уяўным адыходам ад справаў, каб у выніку — ведама ж, на просьбы працоўных — вярнуцца і пачаць апрычны тэрор:
Адны, паводле яго, здрады і падкопы чынілі, скарб дзяржаўны раскрадалі і супроць няпрыяцеля літоўскага ваяваць не хацелі, а другія вінаватых ад яго, гасударавага, слова баранілі. Таму ён зь вялікім жалем у сэрцы, ня хочучы гэтых здрадаў трываць, царства пакінуў і паехаў у сьвет вочы, на Божую параду спадзеючыся. („Пішу вам у Масковію“)
Іван Лепешаў лічыў, што выраз паяднаў два фразэалягізмы-сынонімы (ісьці) у сьвет + (ісьці) куды вочы глядзяць.
Магчыма, выраз пачатна быў абмежаваны пэўнай гаворкай. Ф. Янкоўскі пазначае, што запісаны ён у Карэліцкім раёне, а карані Янкі Брыля, з чыіх твораў бальшыня прыкладаў, у Загор’і таго ж Карэліцкага раёну (хоць нарадзіўся ён у Адэсе). Брыль любіў гэты выраз. Ужыў яго і перакладаючы з польскай Элізу Ажэшку:
— З катаргі ўцёк? — вымаючы з рота люльку, упершыню азваўся стары Мікула.
— Але, татка, з катаргі. Прабыў ён там год, два гады, тры гады, а потым ужо шмыгануў у сьвет вочы! („Зімовым вечарам“, у арыгінальным тэксьце было hajda w świat!)
Выраз характэрна беларускі, такога няма ў суседзяў. Найбліжэйшы — украінскі світ за очі. Эквівалент у ангельскай мове follow one's nose, у нямецкай immer der Nase nach. Чаму ў германскіх мовах фразэалягізмы падобнае сэмантыкі літаральна значаць „ісьці за носам“— ня ведаю, мо тут нейкія архаічныя рысы мэнталітэту :-)
Сынонімы: (ісьці/пайсьці, ехаць/паехаць) за вачыма; перад сабою; у белы сьвет; у сьвет; куды/дзе вочы (па)вядуць/(па)нясуць; куды/дзе ногі (па)вядуць/(па)нясуць; безвач.
Ёсьць падобны выраз зь іншым значэньнем за сьвет вочы (ісьці, ехаць) ‘вельмі далёка’. Сынонімы: дзе макар козы пасе; за блізкі сьвет; за дзясятую гару; за сьвет.
Шукайма беларускія фразэмы тут:
Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне. — Менск, 1968.
Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск, 1991.
Ян Станкевіч (пры ўчасьці Антона Адамовіча). Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / 3-е выданьне. — Менск, 1992.
Іван Лепешаў. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2-х т. — Менск, 1993.
Мікола Даніловіч. Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны. — Горадня, 2000.
Е. Боярина, В. Сивчиков. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний. — Минск, 2006.
Вольга Ляшчынская. Сучасная беларуская мова: фразеалогія. — Менск, 2010.