Шклянога бога (па)бачыць:
Так і нішто сабе чалавек, а пабачыцца з шкляным богам, то бяда, — запісаў Фёдар Янкоўскі ў Радашкавічах.
Беларуская мова ведае шмат падобных выразаў:
шклянога бога ўгледзець; з шкляным богам (па)бачыцца ці сустрэцца; шкляному богу пакланіцца (кланяцца).
Пра падмену каштоўнасьцяў кажа іранічна-пагардлівая прымаўка: У царкве ня быў, а шклянога бога бачыў — калі ў адэпта апошняга ўжо зусім аўтаномная карціна сьвету.
Мэтафарычная назва перадалася ад пасудзіны (як у слоўніку Насовіча 1870 г.) да яе зьмесьціва: шкляны бог = гарачомлівы (© Вацлаў Ластоўскі) напой.
Падобныя выразы пра скляного бога (до якого молитися, прихилятися, якого лизнути) ўжывае і ўкраінская мова.
Маем таксама выразы „бяз бога“: (па)бачыць шкло, каля шкла чыста хадзіць (запісаў Міхал Фэдэроўскі на Ваўкавышчыне).
Фразэалягічных сынонімаў вельмі шмат і яны зь нюансамі. Апісваюць вядомы працэс:
- незалежна ад інтэнсіўнасьці й наступстваў — закідаць за гальштук/каўнер, у бутэльку/пляшку зазіраць, чарку браць/куляць, браць у губу, вадзіць казу; кручок загнуць, у чуб укінуць, зь Лейзарам (з карчмаром) прывітацца, у шулумейку закінуць...
- як інтэнсіўны і з наступствамі — як у бочку ліць, мокнуць у гарэлцы; наліць горла, заліць вочы, купіць сьвіньню рабую/каваную...
- як пакуль што малаінтэнсіўны — прамачыць зубы/горла, на чарвяка скінуць, заліць чарвяка, наступіць на корак, панюхаць корак...
Каб жа не нанюхацца да шкляных чарцей )
Чытайма пра фразэмы:
Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне. — Менск, 1968.
Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск, 1991.
Іван Лепешаў. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2-х т. — Менск, 1993.
Мікола Даніловіч. Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны. — Горадня, 2000.
Е. Боярина, В. Сивчиков. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний. — Минск, 2006.
Вольга Ляшчынская. Сучасная беларуская мова: фразеалогія. — Менск, 2010.