За дзедам швэдам:
- 'Вельмі даўно'.
Хата іхная яшчэ за дзедам швэдам будавалася, старая ўжо. (Амсьціслаўшчына, запісаў Фёдар Янкоўскі)
Характэрна беларуская фразэма. Алюзія да найдаўнейшай памятнай некалі гістарычнай падзеі — швэдзкага „патопу“: дзьве Паўночныя вайны (1655–1660 і 1700–1721) прайшлі і празь Беларусь. (Ад іх у фальклёры невясёлае выслоўе: Стуль маскалі, а стуль швяды — дзе падзецца з такой бяды?!) Значна больш старажытныя курганы часта маюць назву Швэдзкая гара ці Швэдзкія магілы: швэдзкі = 'старадаўні'.
Слова дзед або для рыфмы (як меркаваў дасьледнік фразэалёгіі Іван Лепешаў), або як напамін пра рэальных продкаў-швэдаў для насельнікаў некаторых заснаваных імі вёсак (як Швяды на Случчыне; дапушчэньне гісторыка Андрэя Катлярчука).
За дзедам — беларуская канструкцыя часу з творным склонам (за паншчынай) ці з родным (за караля Саса было хлеба й мяса).
Сынонімы: [такі стары, што] караля Батуру помніць; за каралём Гарохам, як людзей было троху; за царом кесаром, як сьвет гарэў, а саломаю тушылі; не за нашым богам; не за нашай памяцьцю; як сьвет зачаўся.
У беларускай мове расейскім „при царе Горохе“, „без царя в голове“, „царь и бог“ адпавядаюць выразы бяз слова „цар“.
Бо сваіх цароў у нас не было. Вынятак, запісаны Вінцэсем Мудровым на Полаччыне, — хлеб такі стары, што ажно „цара Батуру помніць“, — толькі пацьвярджае правіла, бо кароль Сьцяпан Батура (Стэфан Баторы) цароў акурат пабіваў. Слова цар у фразэме зьявілася значна пазьней, пад расейскай уладай.
„Швэды“ пакінулі не адну фразэму ў беларускай мове. Героі „Пінскай шляхты“ Дуніна-Марцінкевіча яшчэ памяталі выраз зьбіць, як швэдаў Хадкевіч (пад Кірхгольмам у 1605 годзе). Таксама гістарычна абумоўленыя фразэмы босы як швэд, разьнесла як швэдзку гару (пра нездарова поўнага чалавека) ладна-такі пярэчаць нашаму ўяўленьню пра сучасную Швэцыю, якая акурат сьвяткуе Люсію. Затое ў выразе каша са швядамі (ці не напамін пра калярыйны рацыён швэдзкіх гарнізонаў) слова швэды/швяды цалкам пазытыўнае і азначае проста скваркі:
Елі кашу са швядамі,
Елі верашчаку.
Як пад’елі, напіліся,
Ўсе сказалі: Дзякуй!
(З народнай песенькі — справаздачы з прэзэнтацыі ў вераб’я сьвежазваранага пшанічнага піва.)
Шукайма беларускія фразэмы тут:
Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне. — Менск, 1968.
Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск, 1991.
Ян Станкевіч (пры ўчасьці Антона Адамовіча). Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / 3-е выданьне. — Менск, 1992.
Іван Лепешаў. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2-х т. — Менск, 1993.
Мікола Даніловіч. Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны. — Горадня, 2000.
Е. Боярина, В. Сивчиков. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний. — Минск, 2006.
Вольга Ляшчынская. Сучасная беларуская мова: фразеалогія. — Менск, 2010.