Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белыя халаты»: у Беларусі зьнік з продажу крытычна важны лек


Ілюстрацыйнае фот
Ілюстрацыйнае фот

У пачатку сьнежня зь беларускіх аптэк зьнік літый, пішуць «Белыя халаты». Пры гэтым прэпарат фармальна зарэгістраваны, ліцэнзія ў сіле, дактары працягваюць яго прызначаць.

Літый — прэпарат першай лініі для лячэньня біпалярнага разладу. Ён стаіць на першым месцы ў беларускім клінічным пратаколе, уваходзіць у першую лінію і ў эўрапейскіх рэкамэндацыях па лячэньні біпалярнага разладу на ўсіх этапах.

У Беларусі літый прадаецца ў таблетках у форме карбанату пад гандлёвай назвай «Седаліт». Ніякіх альтэрнатыўных формаў ці іншых пастаўшчыкоў, па сутнасьці, няма. І менавіта «Седаліт» стаў недаступны. Да 2022 году ў краіне быў яшчэ літый беларускай вытворчасьці пад назвай «Літацэл», але ад таго часу рэгістрацыя не абнаўлялася і вытворца яе не выпускае.

‍— Паводле дадзеных СААЗ, зь біпалярным разладам жывуць каля 0,5% насельніцтва. У дачыненьні да Беларусі — гэта прыкладна 45 тысяч чалавек, — кажа «Белым халатам» псыхіятар Уладзімір Пікірэня.

Пацыенты шукаюць шляхі абысьці дэфіцыт. Па беларускіх рэцэптах можна купіць літый у Расеі, у Польшчы, у Літве. Нехта просіць сяброў і сваякоў, нехта езьдзіць сам. У Расеі «Седаліт» ёсьць у продажы — і гэта цяпер адзін з галоўных нефармальных «каналаў» забесьпячэньня.

Паводле спэцыялістаў, у стацыянарах, магчыма, яшчэ засталіся нейкія запасы, але амбуляторныя пацыенты купіць яго ня могуць. Ніякіх афіцыйных паведамленьняў, зазначае праект фонду BYMEDSOL, ад Міністэрства аховы здароўя або «Белфармацыі» не было.

Зь нефармальных каналаў стала вядома, што «дакумэнты на пастаўку былі аформленыя неяк «ня так». Праз гэта чарговая партыя прэпарата, вырабленага ў Расеі, не паступіла ў аптэкі. І калі зьявіцца — незразумела.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG