Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны рэйтынг крэатыўнасьці: беларусы крэатыўныя, адукаваныя і неталерантныя


Беларусь абышла амаль усе краіны постсавецкай прасторы ў сусьветным рэйтынгу крэатыўнасьці. Паводле дасьледаваньня, падрыхтаванага Martin Prosperity Institute, які працуе пры Ўнівэрсытэце Таронта, Беларусь стаіць на 37-й пазыцыі са 139 краінаў. Вышэй за нас у гэтым рэгіёне толькі Эстонія (33-я пазыцыя).

У тым самым рэйтынгу Беларусь заняла яшчэ адно ганаровае месца, трапіўшы ў топ-5 краінаў з найбольш адукаванымі жыхарамі. У гэтай пяцёрцы таксама ЗША, Фінляндыя, Славенія і Паўднёвая Карэя.

А талерантнасьцю беларусам пакуль хваліцца рана. Сярод 139 краінаў мы займаем 97-е месца.

У аснову рэйтынгу пакладзеныя тры крытэры: разьвіцьцё здольнасьцяў , тэхналёгіі і талерантнасьць. Пры аналізе выкарыстоўваліся зьвесткі пра інвэстыцыі ў навуковыя дасьледаваньні і распрацоўкі, колькасьць дасьледчыкаў, колькасьць зарэгістраваных патэнтаў, адукаванасьць насельніцтва. Талерантнасьць ацэньвалася паводле апытаньняў пра стаўленьне грамадзян да імігрантаў, прадстаўнікоў іншых расаў і этнасаў, сэксуальных меншасьцяў.

«Гэта яшчэ адна цаглінка ў падмурак нашай нацыянальнай самаўпэўненасьці. Гэта безумоўна гонар. Такіх «гісторыяў посьпеху» нам не хапае, — камэнтуе вынікі рэйтынгу галоўны рэдактар часопіса CityDog Сяргей Сахараў. — У нас ёсьць і нобэлеўскія ляўрэаты. І нават банальныя рэйтынгі вышэйшых установаў сьвету, калі мы туды трапляем, то ўжо можна сказаць: «Ого, бачыш, якія мы годныя сярод годных!».

Сяргей Сахараў лічыць, што асноўная прычына высокага месца Беларусі ў рэйтынгу — тэхналёгіі.

«Гэта тое, ува што дзяржава сапраўды ўклалася, зрабіўшы прэфэрэнцыі, падатковыя ў першую чаргу, для Парку высокіх тэхналёгіяў, — тлумачыць Сяргей. — За дзесяць год сытуацыя зьмянілася кардынальна. І гэта яшчэ раз даводзіць, што калі ствараць спрыяльныя ўмовы, то беларусы могуць выйсьці на першыя месцы».

Што да посьпехаў у адукацыі, то тут Сяргей Сахараў больш скептычны. Кажа, што беларусы, вядома, адукаваныя, і вялікі адсотак людзей трапляе ў ВНУ, але «мы выдатна ведаем, хто гэтыя адсоткі, як яны туды трапляюць і што ў выніку адбываецца».

«Для мяне гэта хутчэй сумная лічба», — заключае Сяргей.

А вось 97-мы радок у рэйтынгу талерантнасьці Сяргея Сахарава зусім не зьдзівіў.

Мы, тыя, хто ставяць сябе як носьбіты дэмакратычных каштоўнасьцяў, часта паводзім сябе як апошнія маргіналы

«Мы мала талерантныя, прычым усе. Нават у драбніцах, і не зусім у драбніцах, мы, тыя, хто ставяць сябе як носьбіты дэмакратычных каштоўнасьцяў, часта паводзім сябе як апошнія маргіналы. Адно што ў бойку ня кідаемся, бо кулачкі яшчэ слабенькія. А калі б былі кулачкі, то кідаліся б і былі б ня лепшыя за тых, каго прызнаем сапраўднымі маргіналамі. Гэта ў тым ліку прыкмета таго, што мы ня ўмеем размаўляць, ня ўмеем слухаць. Ня ўмеем прымаць людзей зь іншым веравызнаньнем, сэксуальныя меншасьці і людзей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі», — тлумачыць ён сваё меркаваньне.

Такім чынам, паводле галоўнага рэдактара CityDog, «тэхналёгіі цягнуць за сабой усю нашу краіну».

«Можа, сапраўды меў рацыю спадар Зісер (Юры Зісер — заснавальнік УП „Надзейныя праграмы“ і партала tut.by. — РС), калі казаў, што менавіта за ІТ-сэктарам будучыня Беларусі. Ва ўсіх сэнсах. І калі глядзець па такіх рэйтынгах, то такое меркаваньне апраўдвае сябе», — заключае Сяргей Сахараў.

Юры Зісер
Юры Зісер

Сам Юры Зісер да такіх рэйтынгаў ставіцца асьцярожна. Маўляў, ніхто ня ведае, адкуль бяруцца гэтыя лічбы, і ніхто ня бачыў гэтых экспэртаў.

«Што тычыцца бізнэсу, то людзі за мяжой дзівяцца, як беларускія бізнэсмэны ў гэтых умовах могуць весьці бізнэс. Сапраўды, трэба праяўляць цуды крэатыўнасьці, каб абысьці шматлікія рагаткі.

Адукацыя ў нас традыцыйна была някепская. З аднаго боку, я ня ведаю чалавека, задаволенага сваёй адукацыяй. Зь іншага боку, дзьве нашы ВНУ ўвайшлі ў рэйтынгі найлепшых ВНУ Ўсходняй Эўропы. База даецца добрая. І беларусы пасьля гэтага праяўляюць сябе на сусьветным узроўні ў самых розных галінах».

Пры ацэнцы досыць высокага месца Беларусі ў сусьветным рэйтынгу крэатыўнасьці лягічна ўзьнікае пытаньне, чаму нашы інтэлектуальныя дасягненьні не ўплываюць на наш дабрабыт. Прасьцей кажучы, чаму такія разумныя беларусы застаюцца аднымі з самых бедных у Эўропе?

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Сацыёляг Сяргей Нікалюк тлумачыць гэта слабым разьвіцьцём «сацыяльнага капіталу».

«Чалавечы капітал не зьяўляецца галоўным паказьнікам для разьвіцьця. Найбольш важны сацыяльны капітал — здольнасьць людзей да супрацоўніцтва, — кажа сацыёляг. — Сучасная эканоміка — гэта сумесная дзейнасьць. А па сацыяльным капітале мы знаходзімся ў канцы сьпісу. А наперадзе — самыя разьвітыя краіны, найперш Паўночнай Эўропы».

Нікалюк кажа, што сацыяльны капітал можна вымераць пры адказе на пытаньне: «Ці можна давяраць іншым людзям?». Паводле ягоных дадзеных, у Беларусі на такое пытаньне пазытыўна адказвае 24 працэнты людзей.

Калі выбары праводзяцца так, як яны праводзяцца, ці гэта спрыяе даверу ў грамадзтве? Насамрэч гэта ўдар па эканоміцы

«А ў Даніі — 80%. Адчуваеце розьніцу? Але справа нават ня ў гэтым. А ў тым, што наш адносна невысокі рэйтынг даверу ў асноўным складаецца зь людзей сталага веку», — кажа Нікалюк.

Паводле сацыёляга, яны жывуць у коле сям’і, і для іх «іншыя людзі» — гэта найперш сваякі. Таму ўзровень даверу сярод гэтай групы людзей можа быць у некалькі разоў большы, чым у людзей да 29 год.

«Яны выходзяць у „вялікае жыцьцё“ штодня, і там яны абкружаныя людзьмі, якім „давяраць ня могуць“. А пры такім нізкім узроўні даверу эканоміка разьвівацца ня можа», — сьцьвярджае сацыёляг. А найбліжэйшы прыклад гэтага — тое, як праводзяцца ў Беларусі выбары.

«Калі выбары праводзяцца так, як яны праводзяцца, ці гэта спрыяе даверу ў грамадзтве? Насамрэч гэта ўдар па эканоміцы. Адна з задач палітычнай эліты — гэта ствараць узоры, якія простыя людзі стараюцца пераймаць. Вось улада стварае ўзоры, якія разбураюць давер у грамадзтве. Вось чаму мы жывем у адной з самых бедных краінаў Эўропы», — заключае Сяргей Нікалюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG