Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыю зноў не дапусьцілі лічыць бюлетэні


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта сьведчаць вынікі фармаваньня ўчастковых камісіяў, якое завяршылася 27 ліпеня.

Прозьвішчы ўсіх сябраў камісіяў, якія будуць лічыць галасы выбарцаў падчас абраньня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, стануць вядомыя ў Цэнтравыбаркаме сёньня ўвечары. Афіцыйную статыстыку старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына агучыць раніцай 29 ліпеня на прэсавай канфэрэнцыі.

Аднак, не чакаючы гэтага, можна канстатаваць, што апазыцыянэрам не даверылі падлічваць бюлетэні. Як кажуць у апазыцыйных партыях, прагрэсу ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі няма, сябраў камісіяў ад апазыцыі сёлета будзе нават меней, чым чатыры гады таму, калі ва ўчастковыя камісіі быў уключаны 61 прадстаўнік апазыцыі.

Усяго заяўкі на працу ва ўчастковых камісіях прадставілі 73278 чалавек, зь іх ад апазыцыі — 514.

На гэты момант вядома, што ва ўчастковыя камісіі ўключылі каля двух дзясяткаў прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў і рухаў.

Уключылі на закрыты ўчастак

Каманда першага намесьніка старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча накіравала ва ўчастковыя камісіі 21 прадстаўніка. Уключылі толькі аднаго — Аляксандра Шункевіча. І таго ўзялі на закрыты ўчастак — пры дыспансэры, дзе галасаваньне будзе толькі ў дзень выбараў.

«Людзей там мала, галасаваньне пройдзе хутка. І ёсьць там назіральнік ці яго няма — істотнай розьніцы не існуе. Але фармальна чалавек уключаны. Значыць, улады могуць прадставіць гэты факт міжнародным назіральнікам як увагу да дэмакратычных сілаў.

Фармальна ўсё было нібыта правільна — кожную кандыдатуру зачытвалі асобна. Калі справа даходзіла да вылучэнцаў руху, акцэнт на ўсіх быў аднолькавы — досьведу ўдзелу ў камісіях яны ня маюць, слаба ведаюць Выбарчы кодэкс. А адкуль жа ён возьмецца, досьвед, калі ад кампаніі да кампаніі дэмакратычных прадстаўнікоў фактычна „пракідваюць“ пры стварэньні камісіяў?!

Улада працягвае правальваць іспыты. Як бы яны ні стараліся імітаваць дэмакратычныя выбары, немагчыма гэта зрабіць, прымаючы тыя ж рашэньні, што і раней, працуючы старымі мэтадамі. Нічога не зьмяняецца і зьмяняцца ня будзе: будзе імітацыя дэмакратычных выбараў, але гэта ня больш чым спроба шулера прадэманстраваць сумленную гульню», — камэнтуе сытуацыю Свабодзе Юрась Губарэвіч.

Улады сарвалі экспэрымэнт АГП

«Мы выбралі са 110 акругаў дзьве, — кажа намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. — У адной, у Менску, спрабуе балятавацца мой калега Мікалай Казлоў. У другой, у Гомелі — вэтэран Уладзімер Кацора. Яны вырашылі, каб на кожным без выключэньня ўчастку быў іх актывіст. Карацей, мы хацелі наладзіць кантроль па ўсёй акрузе. І што атрымалася? Улады адмовілі ўсім 40 вылучэнцам Казлова. А ў Кацоры з 34 ахвотных зацьвердзілі аднаго — Івана Яцкова. Вось такая наша дэмакратыя».

«У мяне была прапанова — не ўключаць у камісіі тых, хто ўжо два разы і больш удзельнічаў у працы выбарчых камісіяў, — кажа Мікалай Казлоў. — Я абгрунтоўваў сваю ініцыятыву тым, што тыя выбары не былі прызнаныя міжнароднымі назіральнікамі. Але ўлады праігнаравалі маю прапанову».

Менск — пад асобым кантролем

Адказны сакратар Управы Партыі БНФ Зьміцер Салошкін кажа, што партыя накіравала ў сталіцы ва ўчастковыя камісіі 27 чалавек. Дваццаці пяці адмовілі дакладна, яшчэ двое пакуль ня ведаюць свайго вэрдыкту:

«Мы зьвярнулі ўвагу, што на пэрыфэрыі хтосьці з нашых вылучэнцаў яшчэ можа праскочыць праз гэтае сіта. А ў буйных гарадах, асабліва ў Менску, вельмі моцна „рэжуць“. Улады ж ведаюць рэальную яўку на выбары, маюць пэўныя прагнозы і на гэтую кампанію. У сталіцы яна заўжды пад пагрозай і можа не дацягнуць да неабходнага мінімуму.

Па-другое, у Менску людзі ўсё ж трохі больш незалежныя, чым у рэгіёнах. На пэрыфэрыі існуюць рычагі, празь якія можна і чалавека, уключанага ва ўчастковую камісію, „падпрасаваць“. Там усе адзін аднаго ведаюць. І калі цябе звольняць з працы за апазыцыйныя настроі, то ўладкавацца на працу там значна цяжэй.

Таму калі ў Менску кагосьці і ўключаць у камісію, то гэта толькі дзеля таго, каб паказаць міжнародным арганізацыям. Гэты чалавек можа добрасумленна заявіць, што выбары не адбыліся. А яму адкажуць: так, ёсьць такіх адзін-два ўчасткі. Але ў цэлым выбары адбыліся».

Лазавік: апазыцыя сама вінаватая

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у размове са Свабодай прапанаваў апазыцыйным сілам ускласьці віну за малое прадстаўніцтва ва ўчастковых камісіях на сябе:

«Калі параўнаць вылучэньне ва ўчастковыя камісіі на гэтых парлямэнцкіх выбарах і на папярэдніх, то відаць тэндэнцыя да істотнага зьніжэньня колькасьці вылучэнцаў. Сёлета іх аж на 11,5 тысячы меней. Гэта тычыцца і апазыцыйных структураў. Так, партыя „Справядлівы сьвет“ сёлета мае на 47 чалавек меней, АГП — на 17, партыя БНФ — на 77... Хай яны і бяруць на сябе віну, што мала вылучалі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG