Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ў дзейнай палітычнай сыстэме патрэбен Савет Рэспублікі?


Пачаліся “выбары” у верхнюю палату парлямэнту. Навошта патрэбна гэтае пятае кола ў беларускім палітычным возе? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Алег Грузьдзіловіч і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Паралельна з выбарамі Палаты прадстаўнікоў 21 ліпеня ў Беларусі пачаліся выбары Савета Рэспублікі — верхняй палаты парлямэнту (Нацыянальнага Сходу).

Верхняя палата ёсьць шмат у якіх парлямэнтах сьвету. Калі ніжняя палата прадстаўляе ўсё насельніцтва краіны, то верхняя палата прадстаўляе інтарэсы рэгіёнаў. Асабліва вялікая роля гэтага органа ў дзяржавах з фэдэратыўнай сыстэмай, дзе рэгіёны моцна адрозьніваюцца. Напрыклад, у ЗША — гэта Сэнат, у РФ — гэта Савет Фэдэрацыі.

Беларусь — краіна з адносна невялікімі рэгіянальнымі адрозьненьнямі. І таму з моманту зьяўленьня незалежнай Беларусі пытаньне пра існаваньне верхняй палаты парлямэнту — палаты рэгіёнаў усур’ёз не ўзьнікала.

Гэтае пытаньне ўзьнікла ў 1996 годзе, калі Лукашэнка, мяняючы палітычны лад у краіне, праціснуў новую Канстытуцыю. Ён быў настолькі напужаны непаслухмянасьцю Вярхоўнага Савету, які пагражаў абвясьціць імпічмэнт прэзыдэнту, што вырашыў стварыць шматпавярховы мэханізм, які б страхаваў ад такой пагрозы. Мала таго, што ён сканцэнтраваў усю ўладу ў руках прэзыдэнта, зрабіў парлямэнт слабым і пазбаўленым улады, зрабіў ручным Канстытуцыйны суд, узяў пад кантроль выбарчы працэс. Гэтага здалося яму недастаткова. Быў прыдуманы ў якасьці дадатковай страхоўкі яшчэ Савет Рэспублікі з складанай сыстэмай выбараў.

То бок без выканкамаў, без выканаўчай вэртыкалі, якая кантралюецца прэзыдэнтам, выбраць чальцоў Савету Рэспублікі немагчыма. Гэта галоўнае

Нагадаю, як праходзяць выбары ў гэты орган. Восем чалавек ад кожнай вобласьці ў Савет Рэспублікі пасылаюць дэпутаты раённых і гарадзкіх саветаў. Спачатку прэзыдыюмы гэтых саветаў і выканкамы вылучаюць кандыдатаў. Затым усе дэпутаты гэтых саветаў зьбіраюцца разам і галасуюць, дакладней, ухваляюць падрыхтаваныя кандыдатуры. То бок без выканкамаў, без выканаўчай вэртыкалі, якая кантралюецца прэзыдэнтам, выбраць чальцоў Савету Рэспублікі немагчыма. Гэта галоўнае. Напрыклад, калі ніжняя палата — Палата прадстаўнікоў — прымае рашэньне аб імпічмэнце прэзыдэнта, то яго павінен зацьвердзіць Савет Рэспублікі дзьвюма трацінамі галасоў. Таму, нават калі Палата прадстаўнікоў раптам будзе выбрана дэмакратычным шляхам і апынецца ў апазыцыі прэзыдэнту, то Савет Рэспублікі, фактычна прызначаны вэртыкальлю, стане фільтрам на шляху непажаданых законаў, страховачнай гарантыяй у выпадку імпічмэнту.

Як падаецца, страхоўка залішняя, непатрэбная. Бо добра працуюць іншыя страховачныя мэханізмы. Таму Савет Рэспублікі сёньня — гэта пятае кола ў дзяржаўным возе. Але, як вядома, Лукашэнка — вялікі перастрахоўшчык.

Грузьдзіловіч: Згодны, што Савет Рэспублікі не выконвае істотнай ролі ў палітычнай сыстэме Беларусі. Я таксама лічу, што ён спатрэбіўся толькі дзеля таго, каб парушыць манаполію на імпічмэнт прэзыдэнту, якая была ў Вярхоўнага Савету, ускладніць гэтую працэдуру, зрабіць яе цалкам падкантрольнай. Гэта была рэакцыя Лукашэнкі на той жах, які ён перажыў, калі ў 1996 годзе Вярхоўны Савет рэальна пагражаў яму імпічмэнтам. Цяпер, нават калі ўявіць немагчымае, што ўся «палатка» будзе супроць прэзыдэнта, імпічмэнт сапраўды ўжо немагчымы, бо патрэбная яшчэ і згода гэтак званага «сэната».

Ва ўсім астатнім роля «сэнатараў» — як сяброў Дзяржаўнай рады пры расейскім імпэратару

Ва ўсім астатнім роля «сэнатараў» — як сяброў Дзяржаўнай рады пры расейскім імпэратару. Ёсьць такая вядомая карціна Ільлі Рэпіна, на якой мастак паказаў пасяджэньне тае Дзяржаўнае рады: шмат золата на эпалетах, сівыя бароды і бакенбарды, абстаноўка выключнай урачыстасьці і адначасова бутафорскай нікчэмнасьці, бо нічога тая Дзяржаўная рада не вырашала.

Вось гэтаксама і беларускі «сэнат» — патрэбны толькі самому Лукашэнку, каб прадэманстраваць грамадзянам і сьвету, што ў яго нібыта ёсьць з кім раіцца і ён гэта робіць. Дарэчы, важнасьць Савету Рэспублікі красамоўна выявілася ў справе Ганны Шарэйкі, дырэктаркі віцебскай птушкафабрыкі. Яе судзілі за службовыя злоўжываньні і мусілі проста ў судовай залі вызваліць, рэальна так нічога і не знайшоўшы. Ганна Шарэйка была да арышту «сэнатарам», каб яе арыштаваць, фармальна атрымалі дазвол Савету Рэспублікі. Але чаму раней не разабраліся? Чаму абышліся зь ёй, як з шараговым дробным чыноўнікам? На маю думку, яе гісторыя паказвае, што нават дэпутат Палаты прадстаўнікоў — палітычна больш уплывовы чалавек у дзяржаве, бо яго хаця б фармальна абіраюць выбарцы, у адрозьненьне ад прызначаных «сэнатараў». А тут наагул чалавек прызначаны, і толку ад яго няма.

Глод: Фактычна галоўная і, на мой погляд, адзіная прычына стварэньня двухпалатнага парлямэнту ў Беларусі ўжо названая і выразна акрэсьленая Валерам Карбалевічам. Усё ж спроба імпічмэнту моцна напалохала Лукашэнку. Вядома, у 1996 годзе ён далёка ня так упэўнена і ўтульна адчуваў сябе ў прэзыдэнцкім крэсьле. Таму і шукаў дадатковай страхоўкі. Усё ж гады, якія кіраўнік дзяржавы правёў у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, навучылі яго асьцярожнасьці і неабходнасьці мець усю ўладу ў сваіх руках. Тады бунт у парлямэнце ня быў нечым надзвычайным, што і пацьвердзілі далейшыя падзеі з удзелам дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13 скліканьня.

Для Беларусі абсалютна нармальным было б існаваньне аднапалатнага парлямэнту бязь верхняй палаты. Тым больш што яна не адыгрывае ніякай значнай ролі ў палітычным жыцьці краіны. Так, частка краін, якія параўнальныя зь Беларусьсю насельніцтвам або тэрыторыяй, таксама выбіраюць дзьве палаты. Але наяўнасьць другой палаты там зьвязаная з гістарычнымі традыцыямі. А ў сучасны пэрыяд амаль няма краін, якія б спэцыяльна ўводзілі двухпалатны парлямэнт.

Савет Рэспублікі — гэта штучная, прыдуманая ўстанова. З пункту гледжаньня юрыдычнай тэорыі двухпалатныя парлямэнты звычайна бываюць у фэдэрацыях — там, дзе трэба адстойваць правы рэгіёнаў

Савет Рэспублікі — гэта штучная, прыдуманая ўстанова. З пункту гледжаньня юрыдычнай тэорыі двухпалатныя парлямэнты звычайна бываюць у фэдэрацыях — там, дзе трэба адстойваць правы рэгіёнаў. І там, дзе іхнія інтарэсы істотна адрозьніваюцца ад інтарэсаў фэдэральнай улады. Беларусь — унітарная дзяржава. І звычайна верхняй палаты ў парлямэнтах такіх дзяржаваў няма.

Праблема Беларусі ня ў тым, ці патрэбны ёй сэнат як верхняя палата. Мне здаецца, гэта цацка, у якой няма сэнсу. Там не прымаюцца ніякія рашэньні. Яны толькі фармальна зацьвярджаюцца. А рэальна ўсё вырашаецца ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. І гэтыя дзьве часткі парлямэнту фактычна ператварыліся ў інструмэнт адміністрацыі. Дэпутатаў ніхто ня ведае, што яны робяць, ніхто ня ведае. Адказнасьці ніякай няма.

І на заканчэньне адна заўвага да працэдуры абраньня чальцоў Савету Рэспублікі. 8 чалавек, паводле Канстытуцыі, непасрэдна прызначае Аляксандар Лукашэнка. Ён робіць гэта звычайна пазьней за абласныя прызначэньні. Да таго ж заўважана, што кіраўнік дзяржавы адразу не выкарыстоўвае ўсю квоту, пакідаючы некалькі вакантных месцаў для розных чыноўнікаў. І гэта таксама інструмэнт ягонага кіраваньня краінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG