Папярэдняе судовае слуханьне справы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, затрыманага летась у чэрвені ў Чарнігаве праз падазрэньне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць замежнай дзяржавы, прызначана на 12 лютага.
Справу будзе слухаць калегія ў складзе трох судзьдзяў.
Як стала вядома Свабодзе, адвакат беларускага грамадзяніна зьвярнуўся ў суд з хадайніцтвам аб прымяненьні прымусовых захадаў мэдыцынскага або выхаваўчага характару, а таксама аб вызваленьні яго ад крымінальнай адказнасьці. Суд мусіць разгледзіць таксама і гэтыя заявы перад тым, як будзе прызначаны разгляд справы па сутнасьці.
23 студзеня Юры Палітыка атрымаў абвінаваўчы акт — яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі маёмасьці.
«Беларускі шпіён» Юры Палітыка атрымаў абвінаваўчы акт на трох старонках
На пачатку 2018 году стала вядома пра заяву грамадзяніна Беларусі, у якой ён абвінаваціў супрацоўнікаў Службы бясьпекі ў прымяненьні катаваньняў ды псыхатропаў. У той жа час, як паведамілі Свабодзе ў офісе Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны, Юры Палітыка не зьвяртаўся да іх з прычыны парушэньня сваіх правоў. У Службе бясьпекі Ўкраіны зьняпраўдзілі такія абвінавачаньні.
Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што справа затрыманага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі — адказ менавіта на затрыманьне беларускага грамадзяніна ў Чарнігаве. У КДБ Беларусі Свабодзе паведамілі, што працягваюць расьсьледаваньне справы журналіста Паўла Шаройкі, які абвінавачваецца ў шпіянажы. Пра тэрміны завяршэньня сьледзтва і пачатку суду ў КДБ пакуль ня кажуць.