Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: За 5 год злавілі 36 замежных шпіёнаў, з 2014 году — 59 замежных тэрарыстаў


Валер Вакульчык, архіўнае фота
Валер Вакульчык, архіўнае фота

Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валер Вакульчык даў вялікае інтэрвію «Советской Белоруссии» з нагодны 100-гадовага юбілею беларускага КДБ (насамрэч, не КДБ і не беларускага).

Паводле Вакульчыка, за апошнія пяць год выяўленая і спыненая дзейнасьць 36 агентаў і супрацоўнікаў замежных спэцслужбаў, у тым ліку 13 чалавек прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. Вакульчык дадаў, што адзін з затрыманых замежных шпіёнаў быў абменены на двух асуджаных за мяжой беларускіх грамадзянаў, імёны якіх ён не назваў.

Таксама, паводле Вакульчыка, за 2014-2017 гады КДБ выявіў 59 замежных баевікоў-тэрарыстаў, зь якіх 23 знаходзіліся ў міжнародным вышуку.

Пра большую частку гэтых справаў раней не паведамлялася, імёны затрыманых і дзяржавы, на якія яны працавалі, Вакульчык не называў — згадаў толькі справу ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, які «ўсяго толькі адзін з 10 выкрытых за апошнія пяць гадоў замежных выведнікаў».

Актыўнасьць літоўскіх спэцслужбаў у Беларусі «замінае разьвіцьцю двухбаковых стасункаў»

Актыўнасьць літоўскіх спэцслужбаў у Беларусі, паводле Вакульчыка, носіць «яскрава выражаныя непрыязныя формы і замінае разьвіцьцю двухбаковых стасункаў» — ён кажа пра «агрэсіўныя мэтады працы, у тым ліку мэтанакіраваныя правакацыі», аб’ектамі якіх нібыта станавіліся ў тым ліку беларускія турысты і бізнэсоўцы ў Літве.

У 2017 годзе, паводле Вакульчыка, на 15 год зьняволеньня быў асуджаны адзін грамадзянін Беларусі, завэрбаваны літоўскімі спэцслужбамі, распачатыя дзьве крымінальныя справы за «дзяржаўную здраду», яшчэ адна такая справа накіраваная ў суд.

Гэта праўда?

Вакульчык сёлета заяўляў, што па справе «Белага легіёну» затрыманыя экстрэмісты, якія зладзілі арганізаваную і ўзброеную групу. КДБ таксама сьцьвярджала, што сярод затрыманых былі «прафэсійныя баевікі».

Але «справа патрыётаў» урэшце развалілася, затрыманыя былі вызваленыя (цяпер на былых фігурантаў завялі тры крымінальныя справы аб захоўваньні боепрыпасаў), але ім адмовілася кампэнсаваць шкоду за зьняволеньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG