У панядзелак я выказаў меркаваньне, што арышт украінскага журналіста Паўло Шаройкі мог быць спосабам афіцыйнага Менску падсаладзіць Крамлю гаркаватую пілюлю ў выглядзе паездкі Аляксандра Лукашэнкі на саміт «Усходняга партнэрства». А Лукашэнка ўзяў ды і не паехаў. Ну, пры вялікай упартасьці я мог бы сказаць, што мэта ўсё ж была менавіта такая, проста Маскве падсаладжэньне аказалася не да смаку ці недастатковым.
Але напэўна справа ня ў гэтым. Аднак мяркую, што нейкая менавіта палітычная прычына ў гэтага арышту ўсё ж была, што ня ў тым справа, што КДБ злавіў журналіста на гарачым і пачаў раскручваць справу. І выглядае, што гэтая прычына ня надта глыбока і схаваная.
Беларускі шпіён
Мы паведамлялі, што СБУ яшчэ ў чэрвені ў Чарнігаве арыштавала грамадзяніна Беларусі, якога абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Расеі. Беларускі МЗС на гэты конт меў размову тады ж, у чэрвені, з паслом Украіны ў Беларусі Ігарам Кізімам.
У інтэрвію нашаму радыё пасол пра той выклік у МЗС распавёў наступнае: «Я думаў, можа, мяне знарок з гэтай нагоды выклікалі, каб выказаць незадаволенасьць дзеяньнямі ўкраінскай улады... Але з майго пункту гледжаньня, калі чалавек быў затрыманы і ў СБУ ёсьць доказы, што ён займаўся шпіёнскай дзейнасьцю, яго засудзяць. Пытаньне ня ў тым, ён беларускі ці які іншы грамадзянін. Прыкра, што гэта беларус, але пытаньне ў тым, на каго ён працаваў».
Пазьней, у кастрычніку, калі арыштаваны беларус працягваў заставацца за кратамі, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык зрабіў адмысловую заяву наконт затрыманага, ён сказаў, што «шпіёнскія справы заўсёды мутнаватые, але нават на іх фоне гэтая гісторыя вылучаецца» і запатрабаваў ад украінскіх уладаў «абʼектыўнага і непрадузятага расьследаваньня».
Гэтыя моманты — выклік пасла і адмысловая заява МЗС — сьведчаць пра тое, што Менск зважаў на гэтую справу, прычым на высокім дзяржаўным ўзроўні.
Таксама варта адзначыць, што ў ліпені, пасьля арышту ў Чарнігаве беларускага грамадзяніна, адбыўся афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў, пазьней, пасьля кастрычніцкай заявы МЗС, адбылася сустрэча лідэраў Беларусі і Ўкраіны падчас іх адначасных візытаў у Арабскія эміраты. Можа на гэтых перамовах пытаньне арыштаванага ў Чарнігаве і не ўзьнімалася, аднак у любым выпадку вырашанае яно падчас іх не было.
Таксама для кантэксту варта дадаць, што арышт меркаванага шпіёна-беларуса быў, здаецца, першай падзеяй такога кшталту ў двухбаковых адносінах за ўсе гады незалежнасьці Беларусі і Ўкраіны. Ці не шпіёнілі яны адна супраць адной раней (што ўяўляецца сумнеўным), ці шпіёнілі, але злавіць шпіёнаў ні СБУ, ні КДБ не маглі, ці шпіёнілі, але глядзелі ў парадку ўзаемнасьці скрозь пальцы і залагоджвалі адпаведныя інцыдэнты без пагалоскі. Словам, арыштаў не было. А ў Чарнігаве першы раз адбыўся. І не залагодзілася.
«Кіруючыся прынцыпам узаемнасьці»
З улікам гэтага арышт Паўла Шаройкі выглядае зусім у іншым сьвятле. Прычым незалежна ад яго меркаванай віны. Калі Беларусь у рэчышчы гэтай справы абвясьціла persona non grata украінскага дыплямата, Кіеў на наступны дзень зрабіў тое самае адносна беларускага дыплямата такога ж рангу. Пры гэтым Украіна нават ні ў чым не абвінавачвала таго беларускага дыплямата, прэсавая сакратарка МЗС Украіны Марʼяна Беца патлумачыла, што Кіеў высылае яго «кіруючыся прынцыпам узаемнасьці».
Дык выглядае, што і арышт Паўло Шаройкі — справа хоць і зь іншай сфэры, але выкананая ў той жа лёгіцы — «кіруючыся прынцыпам узаемнасьці». Вы знайшлі нашага шпіёна (упершыню з 1991 году)? Мы знойдзем вашага. Гэтым, так выглядае, тлумачыцца і тое, што паведамленьні пра арышт украінскага журналіста далёка не адразу сталі здабыткам галоснасьці. Чаму? Напэўна таму, што гандляваліся, што ўжо ня проста прасілі за арыштаванага ў Чарнігаве, а прапаноўвалі абмен: вы вызваліце нашага, мы — вашага.
Чаму не дамовіліся — гэта, дарэчы, больш цікавае пытаньне, чым ступень віны аднаго і іншага.
Адносіны даражэй за асалоду пакараньня
І ў любым выпадку вельмі кепска, што гэтая сытуацыя працягваецца, што за кратамі застаюцца ўкраінец Шаройка і неназваны беларус. Так выглядае, што шкода, якую гэта ўжо нанесла двухбаковым адносінам і яшчэ нанясе, большая, чым шкода ад таго, што беларускаму і ўкраінскаму правасудзьдзю не ўдасца пакараць мацёрых шпіёнаў (нават калі яны сапраўды шпіёны, і пры гэтым мацёрыя).
Двухбаковыя адносіны паміж Беларусьсю і Ўкраінай ніколі не былі афіцыйна саюзьніцкімі, але працяглы час былі даволі прыязнымі і магчымасьці іх пагоршыць насамрэч надзвычай шырокія.
Памылковыя прагнозы вучаць асьцярожнасьці ў наступных. У Чарнігаўскай справе могуць быць невядомыя важныя чыньнікі, але пры астатніх роўных выглядае, што стары добры абмен шпіёнамі быў бы аптымальным варыянтам для абодвух бакоў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.