Рада Эўразьвязу зацьвердзіла перамоўныя рамкі для Ўкраіны і Малдовы, паведаміла 21 чэрвеня Бэльгія, якая старшынюе ў Радзе ЭЗ.
«Рада ЭЗ прыняла агульныя пазыцыі Эўразьвязу, уключаючы перамоўныя рамкі, для перамоваў з Украінай і Малдовай аб далучэньні. Гэта адкрывае шлях да пачатку перамоваў 25 чэрвеня ў Люксэмбургу», – гаворыцца ў паведамленьні Бельгійскага старшынства ў Эўразьвязе.
Як гаворыцца ў паведамленьні, міжурадавая канфэрэнцыя з Украінай пачнецца 25 чэрвеня ў 15:30, з Малдовай – у 18:00 паводле мясцовага часу.
14 чэрвеня стала вядома, што Вугоршчына перастала блякаваць зацьвярджэньне так званых рамак перамоваў аб уступленьні Ўкраіны ў Эўразьвяз.
Бэльгійскае старшынства ў Радзе Эўразьвязу абвясьціла тады, што амбасадары краінаў ЭЗ «у цэлым пагадзіліся» наконт рамак перамоваў аб уступленьні Ўкраіны і Эўразьвязу, і бэльгійскае старшынства зьбярэ першыя міжурадавыя канфэрэнцыі 25 чэрвеня.
Тым часам 21 чэрвеня прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду падпісала ўказ аб пачатку перамоваў аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз. Пра гэта яна паведаміла ў сацсетцы Х.
«Сёньня я падпісала ўказ аб пачатку перамоваў аб уступленьні Рэспублікі Малдовы ў ЭЗ. Уступленьне ў Эўразьвяз — гэта наш шлях да міру, росквіту і лепшага жыцьця для ўсіх грамадзян», — напісала Санду, пажадаўшы посьпехаў дэлегацыі краіны на перамовах.
Перамовы аб уступленьні Малдовы і Ўкраіны ў Эўразьвяз павінны пачацца 25 чэрвеня.
Два тыдні таму, 7 чэрвеня, Эўракамісія пацьвердзіла, што пазытыўна ацэньвае прагрэс абедзьвюх краін у правядзеньні эўраінтэграцыйных рэформаў. Пры гэтым сам пачатак перамоваў не азначае хуткага ўступленьня ў Эўразьвяз.
Зараз у ЭЗ уваходзяць 27 краін. Яшчэ дзевяць краінаў маюць статус кандыдатаў у Эўразьвяз і знаходзяцца на розных стадыях перамоваў аб уступленьні.