Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі журналіст абскардзіць у ААН штраф — 1035 рублёў


Ўладзімер Лапцэвіч
Ўладзімер Лапцэвіч

Скарга магілёўскага журналіста Ўладзімера Лапцэвіча на вырак Ленінскага суду Магілёва, які аштрафаваў яго на 45 базавых велічыняў (1035 рублёў), не задаволеная.

Судзьдзя абласнога суду Ігар Зямцоў пакінуў бязь зьменаў пастанову судзьдзі Алены Літвіной, якая прызнала журналіста вінаватым у вырабе прадукцыі сродку масавай інфармацыі без акрэдытацыі. Лапцэвіч зьбіраецца скардзіцца ў камітэт ААН па правах чалавека, а перасьлед зьвязвае са сваёй журналісцкай дзейнасьцю. Уладзімер Лапцэвіч — пазаштатны карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН».

Лапцэвіч: «Справа супраць мяне — гэта ціск на незалежную журналістыку»

Нагодай для адміністрацыйнага перасьледу журналіста сталі ягоныя лісты з аглядам беларускага інтэрнэту, якія ён дасылаў у газэту беларусаў Польшчы «Ніва». Міліцыянты склалі на яго сем пратаколаў аб парушэньні закону «Аб сродках масавай інфармацыі». Зьвесткі з падатковай інспэкцыі, што Лапцэвіч плаціць падатак за ганарары зь «Нівы», былі скарыстаныя, каб распачаць супраць яго справу.

«Я лічу, што гэтая справа замоўленая сілавымі структурамі, і мае довады для суду нічога ня значылі, — кажа Ўладзімер Лапцэвіч у інтэрвію Свабодзе. — Калі я знаёміўся з матэрыяламі справы, то пабачыў, што раздрукоўкі з матэрыяламі „Нівы“ былі перададзеныя Ўпраўленьню ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму. Яны былі здабытыя не магілёўскімі міліцыянтамі, а, відаць, КДБ».

Лапцэвіч лічыць справу ціскам на незалежную журналістыку.

«Мае публікацыі, відаць, некаму не падабаюцца, таму вырашылі гэткім чынам прыціснуць. Але мяне дзівіць, што для ўціску аднаго журналіста людзі, якія распачалі перасьлед, гатовыя апляваць аўтарытэт і імідж краіны на міжнароднай арэне».

Даведка зь «Нівы» праігнаравана Ленінскім судом

Сваёй віны Лапцэвіч не прызнае. Патрабуе спыніць перасьлед на падставе адсутнасьці ў ягоных дзеяньнях складу правапарушэньня. Справу, распачатую супраць яго, называе сфальшаванай, а факты ў ёй скажонымі. Лічыць перасьлед сьвядомым парушэньнем ягоных правоў на распаўсюд інфармацыі, замацаваных як беларускім заканадаўствам, так і міжнароднымі прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь.

І ў раённы, і ў абласны суды Лапцэвіч падаў даведку, якою рэдакцыя газэты «Ніва» інфармавала, што ня мае зь ім працоўнай дамовы, а ягоныя публікацыі — гэта допісы прыватнай асобы ў газэту. Рэдакцыя газэты адзначыла, што пазаштатным аўтарам, як Лапцэвіч, выплачваюцца ганарары, і такія аўтары не займаюцца вырабам і распаўсюджваньнем прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.

У сваёй пастанове судзьдзя Літвіна, паводле Лапцэвіча, даведку з замежнага выданьня не згадала.

Дэклярацыя аб сплаце падаткаў замяніла працоўную дамову

Лапцэвіч згадаў, што справа супраць яго спынялася, бо ў міліцыі не было працоўнай дамовы між ім і рэдакцыяй замежнага выданьня, і аднавілася, калі вырашылі, што замест дамовы можна ўзяць дэклярацыю аб даходах. Журналіст зьвярнуў увагу, што дэклярацыі аб сплаце ім падаткаў за ганарары, атрыманыя ў «Ніве», узятыя для пратаколаў за 2016 год, у той час як абвінавачваюць яго за публікацыі, якія выйшлі ў 2017 годзе.

Судзьдзя Ігар Зямцоў не дазволіў весьці на працэсе фота- і відэаздымкі. Лапцэвіч заявіў яму адвод, а тыя, хто прыйшоў падтрымаць журналіста, падалі скаргі на імя старшыні абласнога суду. У скаргах адзначана, што Зямцоў, не дазволіўшы фота- і відэаздымкі, парушыў пастанову пленуму Вярхоўнага суду. Згодна з той пастановай, калі няма перашкодаў і калі бакі ня супраць фота- і відэафіксацыі працэсу, то судзьдзя павінен даць дазвол на такую фіксацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG