Магілёўская міліцыя вінаваціць журналіста інфармацыйнай кампаніі «БелаПан» Уладзімера Лапцэвіча ў супрацоўніцтве зь беластоцкім тыднёвікам «Ніва» і інкрымінуе яму незаконны выраб прадукцыі СМІ. Гэта вынікае зь сямі пратаколаў, складзеных на журналіста.
Уладзімер Лапцэвіч не выключае, што неўзабаве матэрыялы справы будуць перададзеныя ў суд.
«Гэта перасьлед за маю журналісцкую дзейнасьць, якую я ажыцьцяўляю як карэспандэнт менавіта інфармацыйнай кампаніі „БелаПАН“, — кажа Лапцэвіч. — А таксама за адстойваньне правоў журналістаў у спрэчках з рознымі ўладнымі структурамі ды праваахоўнымі органамі».
Паводле журналіста, пратаколы складзеныя на публікацыі ў «Ніве» за апошнія два месяцы.
«Міліцыянты прагледзелі сайт выданьня і аформілі гэта як агляд месца зьдзяйсьненьня правапарушэньня», — сказаў Уладзімер Лапцэвіч пасьля азнаямленьня з матэрыяламі справы, якую завёў супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва Яўген Слаўнікаў.
Справу супраць журналіста распачалі 5 траўня, але неўзабаве спынілі, бо немагчыма было высьветліць, ці існуе дамова аб супрацоўніцтве між журналістам і выданьнем.
Факт гэтага супрацоўніцтва міліцыі дапамагла выявіць падатковая інспэкцыя. Некалькі год Лапцэвіч плаціў падаткі з ганарараў, атрыманых за публікацыі сваіх матэрыялаў у «Ніве».
«Дэклярацыі аб маіх даходах сталі доказамі таго, што я вырабляю прадукцыю СМІ, — кажа журналіст. — У кожным пратаколе я напісаў, што ня згодны зь ім, бо прадукцыі СМІ не вырабляў. Гэтым займаецца рэдакцыя, а не пазаштатны аўтар».