У калёніі-пасяленьні, якая знаходзіцца ў пасёлку Сухабязводнае за сто кілямэтраў ад Ніжняга Ноўгараду, Натальля Сілівончык і сяброўка Кірыла знаходзіліся паўтара сутак.
Жанчына кажа, што пасьля гэтай паездкі ў яе крыху адлягло на сэрцы:
«Я думала, што горш будзе: убачу шкілет, абцягнуты скурай. Не, выглядае нармальна, загарэлы такі. А з твару ён жа й быў такім хударлявым».
Спадарыня Натальля паведаміла, што сын ня скардзіўся на нейкі асаблівы ціск ці жорсткасьць нават калі яны заставаліся сам-насам. Больш адмоўчваўся на такія роспыты:
«Шчыра кажу, шмат ён не гаварыў на гэтую тэму, усё больш адмоўчваўся. Асабліва й расказваць не хацеў. А што дысцыпліна там ёсьць, пра гэта я ведаю. Але добра, што боек там няма, гвалту. Для мяне гэта галоўнае, што няма гэтага бязьмежжа. Том ёсьць турма, ПК-14, а пры ёй калёнія-пасяленьне. Яны адасобленыя».
Маці апавяла, што заходзіла ў сталоўку, дзе харчуюцца зьняволеныя. На абед давалі боршч, кашу, чатыры кавалачкі хлебу і кампот. Хто з пасяленцаў мае працу, зарабляе грошы, той можа сам гатаваць на спэцыяльна абсталяванай кухні, карыстаючыся крамай — іх водзяць пад наглядам на закупы.
Кірыл працы ня мае, а толькі прыбірае тэрыторыю ды ходзіць зь іншымі пасяленцамі даглядаць плянтацыю бульбы. Таму харчаваньне ў яго пераважна казённае. Грошы, дасланыя маці тры тыдні таму, да Кірыла яшчэ не дайшлі.
Натальлю Сілівончык зьдзівіла, што ў пасёлку, заснаваным у сумна вядомыя 30-я гады як папраўча-працоўны лягер для разгортваньня лесанарыхтовак, маюцца беларускія харчы:
«У крамах іхніх ёсьць наша малако, ёсьць згушчонка беларуская. Карацей, май грошы — і набывай усё. А мы цягнулі ўсё гэта зь Беларусі».
Але найбольшае зьдзіўленьне ў Натальлі Сілівончык выклікала кіраўніцтва калёніі, якое там апошнім мянялі даволі часта:
«Начальнік, дарэчы, наш гамяльчук Адамовіч. З самога Гомеля. Па маладосьці паехаў, ажаніўся на расяянцы ды там і жыве. Пагутарылі. Пытаўся, якія мае ўражаньні пра Кірыла, калёнію. Ну што, кажу, чыста, бачна, што рукі прыклалі. Расказваў сам, што калі прывезьлі Кірыла, дык яму даклалі: прывезьлі тэратыста. Ён ужо настроіўся: ну, «качок», вярзіла будзе з цягліцамі , як пяцікіляграмовыя гіры. Выходзіць, стаіць Кірыл: «Госпадзі, і гэта тэрарыст? Яму хлудзінаю па азадку трэба надаваць, тэрарысту гэтаму».
Маці Сілівончыка шкадуе, што не разабралася з сынам як сьлед у абвінавачваньні, не наняла добрых адвакатаў, каб адбіць іх як недарэчныя.
Ні сын, ні маці не зьбіраюцца хадайнічаць пра перавод Кірыла для адбыцьця пакараньня ў Беларусь. Гэтаксама, як і дамагацца перагляду крымінальнай справы ў Расеі:
«Мы абмеркавалі ўсе гэта й лічым, што гэта вялікая валакіта. Гэта зноў трэба будзе вяртацца ў СІЗА. Ня ведаю, і ў нас, і ў іх — гэта бюракратыя, цяганіна. Атрымліваецца, што апуха даражэй кажуха».
Беларус Кірыл Сілівончык, які працаваў сыстэмным адміністратарам у Ніжнім Ноўгарадзе, быў асуджаны 9 красавіка выязным паседжаньнем Маскоўскага акружнога вайсковага суду на два гады калёніі-пасяленьня. Яго прызналі вінаватым у публічных закліках да тэрарыстычнай дзейнасьці. Сам Сілівончык праз адваката паведаміў, што пост у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце», які фігураваў у справе, быў перапостам допісу адной з суполак.