У Беларусі няпэўная сытуацыя зь дзяржаўнай дапамогай на жытло: указ №240 аб жыльлёвых субсыдыях скасаваў ранейшы — пра дапамогу маладым і шматдзетным сем’ям. Але міністар архітэктуры прызнаў, што адмена ўказу № 585 «была дачаснай», і заявіў, што адправіў Аляксандру Лукашэнку прапанову з просьбай перагледзець заканадаўства, каб сем’і, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў і распачалі будаўніцтва ў 2016-2017 гадах, змаглі скарыстацца субсыдыямі паводле ўказу № 585.
Начальнік упраўленьня жыльлёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры Аляксандар Горваль растлумачыў у перадачы «Контуры» на тэлеканале АНТ, што цяпер перавагу ў чарзе на адрасныя субсыдыі будуць мець шматдзетныя і маладыя сем’і, а таксама дзеці-сіроты.
Разьлічваць на дзяржаўную падтрымку, паводле Горваля, можа толькі траціна сем’яў з тых 700 тысяч, якія стаяць на чарзе як тыя, якія «маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў».
Каб растлумачыць прэтэндэнтам на адрасныя субсыдыі, што адбываецца пасьля ўказу №240, іх будуць запрашаць у выканкамы. Максымальны памер крэдыту на жытло, які дзяржава дапаможа сплаціць, для іх будзе залежыць ад складу сям’і і ўжо наяўнай жылой плошчы. Дапамагаць будуць у будаўніцтве жытла толькі ў пэўных дамах (сьпіс фармуецца) і пры крэдытаваньні ў пэўных банках (сьпіс фармуецца, дакладна будуць Беларусбанк і Белаграпрамбанк).
Калі грамадзянін пагаджаецца на дзяржаўныя ўмовы, грошы могуць пайсьці або на выплату асноўнай запазычанасьці, або на выплату адсоткаў па крэдыце ў залежнасьці ад катэгорыі, у якую трапляе грамадзянін.
Сплочваць крэдыт на жытло дзяржава абяцае дапамагчы ў такіх аб’ёмах:
- 10% асноўнай запазычанасьці маладым сем’ям пры нараджэньні першага дзіцяці;
- 20% маладым сем’ям пры нараджэньні другога дзіцяці;
- 35% дзецям-сіротам;
- 95% сем’ям з траімі непаўналетнімі дзецьмі або траімі дзецьмі да трох гадоў, якія жывуць разам і праходзяць навучаньне;
- 100% сем’ям з чатырма дзецьмі і больш.