Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі суд стаў на бок жанчыны, якая дапамагла беларускаму ўцекачу перайсьці мяжу


Вярхоўны адміністрацыйны суд Польшчы скасаваў адмову ў грамадзянстве жанчыне, якая дапамагла грамадзяніну Беларусі незаконна перасекчы мяжу.

Як вынікае з матэрыялаў справы, на якую зьвярнуў увагу партал Reform. news, жанчына з ініцыяламі А.T. некалькі гадоў дамагалася атрымаць польскае грамадзянства. Аднак у 2022 годзе Люблінскі ваявода і міністар унутраных спраў адмовілі ёй у гэтым.

Рэч у тым, што супраць жанчыны раней распачыналі крымінальную справу за дапамогу ў незаконным перасячэньні мяжы беларусу, які пакінуў Беларусь праз палітычны перасьлед. Пазьней гэты мужчына атрымаў статус уцекача.

Справу супраць жанчыны спынілі «ў сувязі з малазначнасьцю грамадзкай шкоднасьці дзеяньня». Аднак улады спаслаліся на артыкул 31 польскага закону аб грамадзянстве. Згодна зь ім грамадзянства не даецца, калі гэта можа пагражаць нацыянальнай абароне, дзяржаўнай або грамадзкай бясьпецы.

Суд першай інстанцыі падтрымаў адмову, адзначыўшы, што ня ставіць пад сумнеў матывы жанчыны, але зьвяртае ўвагу на сам факт парушэньня закону.

А.Т. падала касацыйную скаргу, і Вярхоўны адміністрацыйны суд яе задаволіў. У рашэньні ўказана, што хаця фармальна ў дзеяньнях заяўніцы былі прыкметы злачынства, фактычна яе дзеяньні былі накіраваныя на ліквідацыю пагрозы іншаму чалавеку.

Вярхоўны адміністрацыйны суд адмяніў рашэньні ваяводы і кіраўніка МУС, а таксама прысуд папярэдняга суду. Ён таксама абавязаў кампэнсаваць жанчыне судовыя выдаткі ў памеры 1200 злотых.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG