Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель ператвараецца ў каменны мяшок


Вуліца Кірава ў Гомелі
Вуліца Кірава ў Гомелі

Гарадзкія ўлады Гомеля пашыраюць вуліцу Кірава да такой ступені, што праезная частка апынаецца пад самымі вокнамі жылых дамоў.

Гомельская вуліца Кірава ад Камсамольскай да плошчы Працы на вачах ператвараецца ў каменны мяшок. Паабапал праезнай часткі панішчылі газоны і прысады, якія крыху ратавалі гараджанаў ад выхлапных газаў аўтатранспарту, шуму ды пылу.

67-гадовы пэнсіянэр Іван з дому № 28, кватэра якога выходзіць на вуліцу Кірава, мерае крокамі адлегласьць ад сваіх вакон да будучай чатырохпалоснай гарадзкой магістралі:

«Адзін, два, тры — тры мэтры. Пад вокнамі будуць машыны хадзіць. Вось мае чатыры вакны. Я іх і раней ня мог адчыніць, а цяпер тым больш. Ніхто не прыходзіў раіцца. У газэце «Гомельскія ведамасьці» абвясьцілі, што будуць пашыраць — і ўсё. Жахліва! Гэта зьдзек з усіх людзей, якія тут жывуць, асабліва з тых, чые кватэры ад вуліцы. У савецкі час да гэтага не дадумаліся, а цяпер — калі ласка. Рабочыя сказалі, што ім загадалі да выбараў гэта зрабіць і адрапартаваць. Пэўна ж, загад «зьверху».

На вуліцы дзясяткі самазвалаў, экскаватараў з розных мясцовых упраўленьняў «Белдарбуду». Бэнзапільшчыкі ўжо пазразалі ўсе каштаны і ліпы паабапал вуліцы, на іх месцы цяпер глыбокія траншэі. Іх засыплюць пяском, шчэбенем, каб пакласьці асфальт.

Вуліца Кірава, участак ад Ірынінскай да Сялянскай
Вуліца Кірава, участак ад Ірынінскай да Сялянскай

Спадар Іван кажа, што гарадзкія чыноўнікі пра людзей ня дбаюць:

«Пра людзей ня думаюць. Яны выдатна жывуць, уладкаваліся ў добрых кватэрах. Яны ж на Кірава не жылі — дык навошта ім пра нас хвалявацца? Я вось гляджу: каго Лукашэнка ні прызначыць, ледзь ня ўсе аказваюцца хабарнікамі. Той жа Піліпец! Вялічка, кажуць, таксама хапнуў кватэру, з аблвыканкаму хапалі. Нават старшыня абласнога савету дэпутатаў Бондар — і тая даўмелася. Ёй трохпакаёвай кватэры было мала, дык яна яшчэ хацела».

Чатырохпалоска падступае да самых вокнаў
Чатырохпалоска падступае да самых вокнаў

На вуліцы шум і бразгат. У дарожных будаўнікоў скончыўся перапынак на абед, і яны зноў запускаюць сваю тэхніку.

Пэнсіянэр тым часам згадвае, як жыхароў вуліцы Кірава ў розныя гады гарадзкія ўлады цешылі абяцанкамі:

«Нам калісьці былы мэр гораду Бяляеў абяцаў, што нашу вуліцу Кірава ад праспэкту Перамогі і да Вечнага агню на плошчы Працы зробяць пешаходнай, бяз транспарту. Але дзе цяпер той Бяляеў? Куды падзеўся? І чаму ў нас не пешаходную зрабілі вуліцу, а наадварот, пашыраюць? Напэўна, ён у добрай кватэры жыве. Я б хацеў зь ім памяняцца, зь Бяляевым, альбо зь любым начальнікам — Кірычэнкам, Дворнікам. Я б зь любым памяняўся».

Яшчэ два дні таму на вуліцы Кірава расьлі ліпы
Яшчэ два дні таму на вуліцы Кірава расьлі ліпы

Абураюцца пашырэньнем транспартнага патоку на вуліцы Кірава і жыхары супрацьлеглага дому № 31. Гараджанка Тамара заяўляе, што ні гарвыканкам, ні дэпутаты не пыталіся думкі жыхароў наконт цяперашняга пашырэньня вуліцы. Ня чула яна й пра нейкія грамадзкія слуханьні на гэты конт.

Кабета пры гэтым паказвае толькі ўлётку, надрукаваную, хутчэй за ўсё, прадстаўнікамі апазыцыі. У ёй гаворыцца, што праезная частка вуліцы Кірава пашыраецца да чатырох палосаў. Ніякіх кампэнсацыйных пасадак замест зьнішчаных дрэваў і газонаў не прадугледжана. Думкі жыхароў наконт такой рэканструкцыі ніхто не пытаўся. Ва ўлётцы пазначаны так званыя «гарачыя лініі» — старшыні гарсавету Івана Барадзінчыка, намесьніка кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну Сяргея Карнеева і намесьніка старшыні аблвыканкаму Баляслава Пірштука.

Вуліца Кірава каля плошчы Працы
Вуліца Кірава каля плошчы Працы

Гарадзкія ўлады, як заўважае спадарыня Тамара, робяць усё што заўгодна, ня ўлічваючы думкі жыхароў:

«Ні з кім нічога не абмяркоўвалі. Кепская справа. Наблізілі транспарт да нашых вокнаў. Цяпер вакна не адчыніць, дрэвы апошнія высеклі. І без таго было шумна і пыльна, а цяпер наагул слоў няма — пагаршаюць умовы жыцьця. Дрэвы ў горадзе прыбіраюць, машынам робяць стаянкі. Горад зь зялёнага становіцца каменным. Машынам робяць добра, а людзям — дрэнна».

На вуліцы Кірава спляжылі дрэвы і газоны
На вуліцы Кірава спляжылі дрэвы і газоны

Спадарыня Тамара кажа, што раней была зьвязаная з арганізацыяй руху гарадзкога транспарту. На яе думку, павелічэньне палоснасьці вуліцы Кірава не ўратуе абласны горад ад транспартных «коркаў», а толькі пагоршыць і без таго ня надта добрую экалёгію:

«Не вырашаюцца асноўныя праблемы — транспартныя разьвязкі на Рагачоўскай вуліцы і Кузьнечным мосьце, дзе тармозіцца асноўны рух. Калі не разьвяжуць тыя два важныя вузлы, то пашырэньне Кірава ці яшчэ якой вуліцы, я нават ня ведаю якой, нічога ня вырашыць».

Абапал вуліцы толькі камяніцы
Абапал вуліцы толькі камяніцы

Відавочна, Гомель даўно патрабуе маштабнай распрацоўкі транспартнага руху з прыцягненьнем кваліфікаваных кампутарных спэцыялістаў і зацікаўленых арганізацыяў — дарожнікаў, аўтамабілістаў, супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі.

Некалькі гадоў таму мясцовыя ўлады пачалі будаваць з усходняга боку гораду аб’язную дарогу, якая б магла перанакіраваць частку транспарту з прыгараднага паселішча Бярозкі і зарэчнага Навабеліцкага раёну ў абход цэнтру. Аднак будоўля спынілася — бракуе фінансаваньня. Марудна рухаецца і ўзьвядзеньне паўднёвага аб’езнага шляху. Затое ўлады стараюцца хутчэй падпусьціць транспарт пад вокны гараджанаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG