Лавіць халяву выправіліся журналісты Свабоды. Прычым нездарма выбралі зімовы дзень і суседзтва абутковай крамы. Але нечакана высьветлілася, што слова халява ў абутковым значэньні большасьці апытаных не прыходзіць у галаву. Адны зусім не разумеюць, чаму іх выпытваюць пра верхнюю частку доўгага зімовага абутку:
— Это несущественно для меня. Есть более существенные у меня вопросы, которые надо решать.
Зрэшты, такая дэталь больш характэрная для сучаснага зімовага абутку жанчын. Спытаймася жанчын, мо яны лягчэй адкажуць:
— Ёсьць ступня… — А, галенішча? Вось гэтая частка.
— Гэта расейская ці беларуская назва — галянішча?
— Точна магу сказаць, што гэта руская назва, но я думаю, што яна аднолькавая і на беларускай мове.
Не. Няма ў літаратурнай беларускай мове такога слова. Усё ж адзін чалавек дае правільны і дакладны адказ:— Частка ботаў да калена? Ну, па-нашаму, напэўна, халява, па-рускі голенище.Старое народнае беларускае слова, вядомае, зрэшты, у тым самым значэньні і ўкраінскай, і польскай (крыху ў іншым гучаньні), а ў значэньнях ‘бот’, альбо ‘калашына’, альбо ‘шкарпэтка’ — і старачэскай, і славацкай, і сэрбалужыцкім мовам.
У нас гэтае слова бытуе і ў яскравых выразах:
халяўкі смалíць ‘заляцацца да дзяўчыны’.
Яшчэ можна быць
дурным як халява.
Усе нашыя апытаныя, у тым ліку прыежджыя з Расеі, слова халява ведаюць. Але для бальшыні навіна, што яно азначае дэталь абутку. Часам дапамагала пераемнасьць пакаленьняў:
— Часьцей я чула гэтае слова ад бабулі. Таму я думаю, што гэтае слова такое... местачковае, а не беларускае.
Слова халява ў абутковым значэньні менавіта беларускае літаратурнае. Але ведаюць яго нашыя суразмоўцы ў іншым значэньні:
— Ну што на халяву, то есьць безь ніякай працы, палучыць нешта.
— Халява... Ну, гэта часьцей усяго нешта дармовае такое, набытае бяз грошай, нейкай хітрасьцю, можа...
А беларускае ці расейскае слова халява ў значэньні нешта дармовае, незаслужанае?
— Я заўсёды думала, што расійскае.
— Беларускае.
— Беларускае, скарэй усяго.
— А ў Расеі — у савецкі пэрыяд — халява як нешта дармавое. Ну, жаргон.
Думкі разышліся. Сапраўды, халява квітнее ў сучасным расейскім прастамоўі. А ў беларускай мове слова бытуе ў абодвух значэньнях:
1. ‘частка бота, якая закрывае нагу адступні і вышэй’
2. ‘дармаўшчына’
І нават беларускамоўныя студэнты ў гэтыя дні зімовай сэсіі практыкуюць рытуал лоўлі халявы, калі трэба выставіць залікоўку ў вакно і са словамі „Халява, лавіся!“ разгарнуць і згарнуць яе. Зрэшты, я рытуал не ўхваляю: лічу, што найперш вучыцца трэба. (А калі цябе вырашылі патапіць за палітычную неляяльнасьць, то дапамогуць не рытуалы.)
Слова халява трапіла найперш у расейскі крымінальны жаргон. І, хутчэй за ўсё, зь беларускай мовы. Чаму набыло такое значэньне? Ёсьць розныя гіпотэзы.
Скажам, прыметнік халяўная скура ў шаўцоў азначае таньнейшы, парэпаны-патрэсканы гатунак скуры, які ня пусьціш на больш адказныя дэталі. У радзіміцкіх гаворках Старадуб’я халява — нягоднік, халатны чалавек.
Адно зь пераносных значэньняў слова халява, як сьведчыць Іван Насовіч, — ‘рот, горла’: Халяву сваю распусьціўшы, крычыць. Мо нехта дамагаўся свайго „на халяву“— крыкам?
А можа, адгадка ў выразе Відаць пана па халявах. У нашым культурным рэгіёне аналягічны выраз маюць палякі і ўкраінцы (дарэчы, беларускі выраз не пазычаны з польскага, а свой: па-польску poznać pana po cholewach — іншы дзеяслоў). Гісторык-энцыкляпэдыст Зыгмунт Глёгэр тлумачыў, што магнаты і шляхта насілі чырвоныя ці жоўтыя халявы да ботаў, а ў іншых станаў халявы былі некаляровыя, шэрыя. (Бачыце: задоўга да герояў фільму пра плянэту Кін-Дза-Дза колеравая дыфэрэнцыяцыя — праўда, не штаноў, а скураных халяваў.)) І рабочая гіпотэза пра зьмену значэньня слова халява — адсюль: нехта некуды незаслужана праскочыў дзякуючы чырвонай халяве ботаў.
То выраз на халяву нам не чужы. Пра яго згадаў у эсэ для „Слоўніку Свабоды“ Рыгор Барадулін. Але маем ня менш сакавіты фразэалягізм
на дурніцу (нешта атрымаць, здабыць).
Не забываймася на яго. Хаця нашаму мэнталітэту ўсё ж ані на халяву, ані на дурніцу здабываць нешта не адпавядае. Бесьперашкодна зарабіць сумленнай працай, а не чакаць ласкі ад уладаў узамен за пакорлівасьць, — відаць, гэта традыцыйны беларускі ідэал.