Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Халява


Бот складаецца зь перадоў, заднікаў, падэшвы, запяткаў або абцасаў і, самае галоўнае -- з халявы.

Халявы могуць быць кароткімі й доўгімі, калянымі, наглянцаванымі, мяккімі, ірховымі, суровымі, юхтовымі. Халявы, можна сказаць -- аблічча ботаў. Адсюль і показка "бачна пана па халяве". А пра тое, калі ад ботаў толькі й засталіся халявы, кажуць: "пан у ботах, а сьлед босы".

І на пачатку ХХ стагодзьдзя і асабліва ў сярэдзіне яго асаблівая ўвага шаўцоў надавалася халявам -- "каб сонечных зайчыкаў ганялі" як люстэркі -- так патрабавалі заказчыкі.

Апошнім часам слова халява было адарвана ад боту й пачало ўжывацца ў іншым сэнсе: "халява" -- значыцца дармаўшчына, "на халяву" -- гэта значыць "на дурня" напіцца, наесьціся ці чым палатацца.

Сьцюардэсы любяць анэгдот: "Міжнародная лінія. Разносяць выпіўку, закусь. Падыходзіць сьцюардэса да саўка й прапануе выпіць ды падмацавацца. Ён у адказ: "Бабак няма". І так -- некалькі разоў. Тады сьцюардэса зьвязваецца са сваім аэрапортам, а там растлумачваюць, што "бабкі" -- гэта гатоўка, грошы. І ўжо сьмела падыходзіць сьцюардэса да саўка ды кажа: "Халява, сэр!" Прасьвятлеў савок і пачаў даваць два пляны па выпіўцы й па закусі. Сапраўды, як у показцы "піў -- як у бот ліў".

Таго, хто любіць жыць "на халяву" завуць халяўшчык. Гэта халяўшчыкі кажуць: "на халяву й гарчыца салодкая".

Рыгор Барадулін

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG