Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Булгакаў пра мясцовыя выбары, збліжэньне дзьвюх Беларусяў, Дзерманта і 100-годзьдзе БНР


Валер Булгакаў, архіўнае фота
Валер Булгакаў, архіўнае фота

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў. Ён тлумачыць, чаму ўлада вырашыла правесьці мясцовыя выбары «як заўсёды», адказвае на пытаньне, ці збліжаецца ў культурніцкім сэнсе Беларусь афіцыйная і незалежная, і прагназуе, што скажа Лукашэнка з нагоды стагодзьдзя БНР.

«Нават невялікія паслабленьні пры вядзеньні выбарчых кампаній могуць прывесьці да дэстабілізацыі той палітычнай сыстэмы»

— Ацэньваючы палітычныя ды іншыя падзеі апошніх тыдняў, давайце пачнем зь мясцовых выбараў. Ужо цяпер у працэсе фармаваньня выбарчых камісій стала зразумела, што ўлада правядзе гэтую кампанію «як заўсёды». Але чаму, нягледзячы на абвешчаную «лібэралізацыю», улада пайшла старым шляхам і зноў не пусьціла апазыцыянэраў у выбарчыя камісіі?

— Я бачу тут два тлумачэньні. Першае — не было ўплывовых заходніх ці ўсходніх актараў, якія б прымушалі ўладу дзейнічаць іначай. Разрадка дачыненьняў з Захадам і стан дачыненьняў з Расеяй прыводзяць да такой сытуацыі, што беларускім уладам ня трэба нават імітаваць нейкае падабенства новых падыходаў пры арганізацыі мясцовых выбараў.

Выглядае, што тыя захады Менску (бязьвіз, сустрэчы з эўрапейскімі эмісарамі) цалкам задавальняюць заходні бок. Што да Расеі, то адтуль ніколі не паступала сыгналаў незадаволенасьці наконт фармату правядзеньня «выбарных мерапрыемстваў».

Іншая, больш глябальная прычына — нават невялікія паслабленьні пры вядзеньні выбарчых кампаній могуць прывесьці да дэстабілізацыі той палітычнай сыстэмы, якая існуе апошнія 20 гадоў у нашай дзяржаве. Афіцыйнаму Менску няма ніякага рэзону плаціць высокую палітычную цану, калі на самой справе няма ані ўнутранага, ані вонкавага запатрабаваньня. Навошта нешта мяняць, калі працэс разрадкі з Захадам ідзе ўстойлівым тэмпам? А з боку Расеі чуваць нараканьні не на тое, што ў Беларусі парушаюцца дэмакратычныя працэдуры, а наадварот — што Менск надта хутка збліжаецца з Захадам.

Палітычная вярхушка Беларусі ўжо не ўспрымае культурніцкую дзейнасьць як скіраваную на падрыў устояў беларускай дзяржавы

— Нядаўна ў публічнай сфэры даволі гучна абмяркоўваўся артыкул Віктара Марціновіча пра збліжэньне Беларусі афіцыйнай і незалежнай, найперш у культурнай і грамадзкай галіне. Калі вы прымаеце гэтую вэрсію, то куды ідзе гэтае збліжэньне, на якіх умовах, і да чаго яно можа прывесьці?

— Тут цяжка не пагадзіцца з Марціновічам ды іншымі камэнтатарамі гэтай тэмы — напрыклад, нядаўна на Свабодзе зьявіўся пра гэта блог Валера Карбалевіча. Палітычная вярхушка Беларусі ўжо не ўспрымае культурніцкую дзейнасьць як скіраваную на падрыў устояў беларускай дзяржавы, калі гэтая дзейнасьць не інсьпіруецца самой дзяржавай. І такі стан рэчаў, калі незалежніцкая культурная актыўнасьць успрымалася ледзьве не як выклік асновам беларускай дзяржаўнасьці, быў нерацыянальны і цяжка вытлумачальны.

Прычына гэтага стану палягала ў тым, што лукашэнкаўскі рэжым пэўны час зыходзіў з таго, што ён можа пабудаваць новы цэльны праект ідэнтычнасьці, укараніць яго сярод беларусаў фактычна паводле сталінскага таталітарнага сцэнару. Я нагадаю гэтыя патугі, зьвязаныя са спробай стварэньня ідэалёгіі беларускай дзяржавы, якія фактычна скончыліся крахам. І цяпер дзяржава талеруе не зьвязаныя з палітыкай праявы культурніцкай актыўнасьці — нават калі яны зыходзяць з тых асяродкаў, якія нядаўна яшчэ былі пад палітычнай забаронай. Гэта вынікае зь цьвярозага ўсьведамленьня таго факту, што ў сучасным інфармацыйным сьвеце беларуская дзяржава ня мае патрэбных рэсурсаў, каб стварыць свой канон ідэалёгіі і ідэнтычнасьці і ўкараніць яго ў грамадзтве.

— Давайце адразу ўдакладнім. Вы кажаце, што рацыянальнасьць запанавала і свой канон яны ня створаць. Хіба гэта азначае, што яны гатовыя альбо 1) зусім плюнуць на ідэалёгію, альбо 2) перайсьці на ідэалёгію «адраджэнскую», ідэалёгію сваіх палітычных апанэнтаў, зь якой яны змагаліся 20 гадоў?

Тое, што рэжым перастае маркіраваць як палітычных ворагаў некаторых культурніцкіх дзеячоў — не азначае, што ён прымае культурніцкія і палітычныя пазыцыі гэтых дзеячоў

— Тое, што рэжым перастае маркіраваць як палітычных ворагаў некаторых культурніцкіх дзеячоў — не азначае, што ён прымае культурніцкія і палітычныя пазыцыі гэтых дзеячоў. Гэта нацягнутая інтэрпрэтацыя. Проста беларуская дзяржава ў цяперашніх варунках пастаўленая перад больш глябальнымі выклікамі. Каб гэтаму рэжыму ўтрымацца, яму мала душыць нейкія альтэрнатыўныя, малаўплывовыя ў грамадзтве (да апошняга часу, прынамсі) праекты ідэнтычнасьці. Цяпер, каб утрымацца, рэжыму трэба дэманстраваць у тым ліку і эканамічную канкурэнтаздольнасьць, пэўную ступень адкрытасьці сьвету. Выглядала б вельмі абсурдна, калі замежнікі могуць заяжджаць бязь візаў у Беларусь, але адначасова тут забараняюцца публічныя культурныя мерапрыемствы.

Таму я ні ў якім разе ня схільны гэта тлумачыць як пераход на бок нядаўняга ідэалягічнага праціўніка. Гэта, хутчэй, спроба балянсаваць рознанакіраваную палітыку, каб у культурніцкай сфэры не існавала выразных дыспрапорцый у сувязі з новай эканамічнай палітыкай, якую мы назіраем апошнія гады.

«Не стварыць у шырокіх народных масаў уражаньня, што ўлада пераходзіць на супрацьлеглыя ідэалягічныя пазыцыі»

— У гэтай сувязі паказальным можа стаць стаўленьне ўладаў да сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР. Гадавіну Ўсебеларускага зьезду ўлады адзначылі даволі істотна — навуковымі канфэрэнцыямі, паведамленьнямі ў прэсе. Перад якімі дылемамі стаяць улады з гледзішча сьвяткаваньня Дня Волі?

— Дылема ў тым, каб, прызнаючы ў абцякальных формах важнасьць абвяшчэньня незалежнасьці БНР, не стварыць у шырокіх народных масаў уражаньня, што ўлада пераходзіць на супрацьлеглыя ідэалягічныя пазыцыі, прымае так званы адраджэнскі нацыяналістычны наратыў.

Таму ўладная пазыцыя досыць дваістая. З аднаго боку, адбываюцца круглыя сталы з удзелам выдаўцоў і гісторыкаў. Нядаўна лідэр БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў, што паўдзельнічаў у круглым стале ў «Звяздзе», дзе ўсе асноўныя чыны гэтай выдавецкай карпарацыі, а таксама гісторыкі з Інстытуту гісторыі аднагалосна прызналі важнасьць БНР для закладаньня беларускай дзяржаўнай пазыцыі.

Але адначасова праз Фэйсбук ды іншыя сацыяльныя сеткі вядзе масіраваную прапагандысцкую апрацоўку такі рэсурс, як imhoclub.bу зь ягоным начальнікам Аляксеем Дзермантам. Рэсурс, які абвясьціў бескампрамісную барацьбу супраць гэтай даты і гэтай тэмы, а саму БНР называе Бягомльскай Народнай Рэспублікай.

Таму ўлада, з аднаго боку, вуснамі прафэсійных гісторыкаў ня можа не прызнаваць важнасьць гэтага прэцэдэнту для беларускай дзяржаўнасьці. Хоць Лукашэнка наўрад ці прамовіць пра БНР тыя словы, якія ён прамовіў пра Ўсебеларускі зьезд.

Зь іншага боку, улада трымае сваіх ланцужных сабак у выглядзе аўтараў «Імхаклюбу», якія працягваюць савецкую кампанію па дыскрэдытацыі, проста ўжываючы сучасныя сродкі камунікацыі.

Усё гэта паказвае, што чакаць прарыву не выпадае.

З другога боку, гэты год можа паднесьці пэўныя сюрпрызы, бо грамадзтва аб’ектыўна зацікаўленае ў новых ведах пра БНР, новых фактах, ацэнках. Таму я схіляюся да думкі, што дзяржава можа пайсьці на нейкія больш сур’ёзныя рэчы — канфэрэнцыі, вузкатэматычныя зборнікі, манаграфіі.

«Фэйсбук вымае энэргію». Віктар Марціновіч пра дзьве Беларусі, «нашу Алексіевіч» і лічбавую рэвалюцыю

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG