Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэсэнджэр Snapchat ацанілі ў палову ВУП Беларусі


Білборд Snapchat на Times Sqare у Нью-Ёрку, 2015 год
Білборд Snapchat на Times Sqare у Нью-Ёрку, 2015 год

Каліфарнійскую кампанію Snap, якая стаіць за мэсэнджэрам Snapchat, ацанілі на падставе ўжо зробленых інвэстыцыяў у 20-25 млрд даляраў, піша BBC.

Кампанія зьбіраецца выйсьці на амэрыканскія біржы — калі яна выйдзе на біржу на поўную суму, гэта мае стаць самым вялікім першасным разьмяшчэньнем акцыяў (IPO) пасьля Facebook і Alibaba, на ўзроўні IPO Google 2004 году. Дарэчы, у 2013 годзе Google нібыта прапаноўваў купіць мэсэнджэр за 4 млрд даляраў — Snapchat адмовіўся.

Snapchat — далёка ня самы папулярны мэсэнджэр, на сярэдзіну 2016 году колькасьць карыстальнікаў, актыўных штомесяц, ацэньвалася ў 310 млн. У Facebook Messenger і WhatsApp такіх карыстальнікаў адпаведна 900 млн і 1 млрд, у беларуска-ізраільскага Viber — каля 250 млн, у Skype 300 млн.

Але ў Snapchat надзвычай маладая аўдыторыя: 60% маладзейшыя за 25 год, што вабіць рэклямадаўцаў. Заснавальніку мэсэнджэру Эвану Шпігелю 26 год.

У свой час Snapchat прапанаваў незвычайную мэханіку стасункаў: замест паведамленьняў ці пастоў можна дзяліцца «снапамі» — фота ці відэа, якое суразмоўца можа праглядаць 1-10 сэкундаў, пасьля чаго «снап» выдаляецца. Цяпер праграма дазваляе абменьвацца і звычайнымі паведамленьнямі.

Ацэнка Snapchat надзвычай высокая як для мэсэнджэра. Самая дарагая пакупка мэсэнджэра іншай кампаніяй (ня акцыяў на біржы) — пакупка WhatsApp сацсеткай Facebook за 19 млрд дляраў у 2014 годзе. А самая дарагая пакупка сацсеткі — пакупка LinkedIn карпарацыяй Microsoft за 26,2 млрд даляраў у 2016 годзе.

20-25 млрд — прыблізна палова валавага ўнутранага прадукту Беларусі. У 2015 годзе ВУП Беларусі складаў каля 54,9 млрд даляраў, у гэтым годзе мае быць яшчэ меншым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG